Гродна ў аб’ектыве нямецкіх афіцэраў: Стары замак запрашае на выставу фота часоў Першай сусветнай вайны

|

Гэты перыяд гісторыі нашага горада захаваўся для нас на шматлікіх фотаздымках, якія рабілі нямецкія афіцэры – уладальнікі фотаапаратаў.

 

У жніўні 1915 г. разгарэліся баі за Гродзенскую крэпасць. Крэпасць у Гродне была закладзена згодна з загадам імператара Мікалая ІІ у канцы1912 г., але да лета 1915 г. была пабудавана толькі невялікая частка ўмацаванняў і ніводнае з іх не было завершана. У дадатак, у сувязі з цяжкай сітуацыяй на фронце, Гродна было вырашана не абараняць усімі сродкамі, горад пазбавілі статуса крэпасці і вывезлі з яго большую частку артылерыі. Фарты Гродзенскай крэпасці былі ўзарваныя. Не паспелі ўзарваць толькі форт № IV, за які пачаліся жорсткія баі. Форт быў заняты немцамі толькі праз некалькі сутак. Амаль усе гераічныя абаронцы форта загінулі. Некаторы час баі ішлі і ў самім Гродне.

 

Агульная сітуацыя на фронце не дала магчымасці рускай арміі ўтрымаць Гродна. З пачатку верасня 1915 г. да красавіка 1919 г. наш горад, акупаваны германскімі імператарскімі войскамі, уваходзіў у склад тэрыторыі, якая знаходзілася пад уладай нямецкай вайсковай адміністрацыі і насіла назву Обер-Ост.

 

На выставе экспануецца больш за пяцьдзясят фотаздымкаў, якія паходзяць з некалькіх калекцый. Частка копій прыслана ў музей з горада Доберлуг-Кірхайн (ФРГ). Гэтыя фотаздымкі былі зроблены нямецкім ваенным лекарам Максам Шнайдарам, які праязджаў праз Гродна восенню1915 г.

 

Некалькі здымкаў паходзяць з альбома Курта Кламрота – аднаго з кіраўнікоў нямецкай адміністрацыі нашага горада ў 1915–1916 гг.

 

 

Большая ж частка фотаздымкаў належыць Феліксу Варашыльскаму, патомнаму гродзенцу, які жыве ў Гамбургу і займаецца калекцыянаваннем гродзенскіх паштовак і фотаздымкаў. Экспануюцца таксама прадметы з фондаў УК ГДГАМ: вайсковы рыштунак, дакументы, аб’явы нямецкай акупацыйнай адміністрацыі, карткі на харчаванне.

 

На фотаздымках можна ўбачыць эпізоды жыцця Гродна паміж вераснем 1915 г. і вясной 1917 г. Гэта пабураныя ў час баёў масты, палац Тызенгаўза, чыгуначны вакзал, бясконцыя калоны бежанцаў, якія пакідалі свае дамы, адыходзячы на ўсход, нямецкія параненыя салдаты і рускія ваеннапалонныя.

 

Некаторыя месцы горада проста немагчыма пазнаць. Гэта, напрыклад, раён Сяннога рынка (за цяпершняй гасцініцай “Нёман”), або Рыбны рынак, дзе на фоне каларытных гродзенскіх гандлярак любілі фатаграфавацца нямецкія салдаты. Цікавасць выклікаюць таксама выявы пакінутых умацаванняў Гродзенскай крэпасці, разбітыя гарматы.