Мемуары эмігранткі-6. Сябар сэксізм
Сёння горача. Надвор’е і настрой для кароткай сукенкі, але планы прымушаюць надзець джынсы. Паўгадзіны дарогі і – я белая варона ў чорным квартале.
Lap top тут даставаць страшнавата. Але гэта Швецыя, Аліса. Выдыхні.
Я ў краіне, якая ўдала змагаецца і з гамафобіяй, і з расавымі забабонамі. Паспрабую і я зрабіць гэта ў сваёй галаве.
Не магу сказаць, што гэта бедны раён, дакладна не. Усе так, як у іншых. Больш за тое, бачыла некалькі велізарных футбольных пляцовак. Гарадзенскі спартыўны комплекс “Нёман” пазайздросціў бы. Дзеці весела скачуць. Можа тут калі-небудзь вырасце чарговая спартыўная зорка. Ёсць усе ўмовы.
Хм, толькі што з разбежкай у 10 хвілін туды-сюды прайшоў чалавек. Я двойчы ўзняла на яго галаву і – другі раз ён са мной павітаўся. Ох жа, гэтыя шведы! Ну, проста сябры-таварышы!
Людзі балбочуць на шведскай і цалкам па-шведску сябе паводзяць. Што мне асабіста моцна кідаецца ў вочы – жанчыны гэтага квартала. Відовішча вельмі цікавае. Тут, у дэмакратычнай краіне. яны носяць паранджу і цалкам закрываюць цела.
Культура і забабоны. Гэтага ў нас не адняць, дзе б не знаходзіліся.
Шмат-шмат дзяцей і захутаныя дамы. Стараюся не тарашчыцца. З вамі гутарыць мая культура.
У культуры Усходняй Еўропы з сэксам і праявамі сэксуальнасці таксама ўсё вельмі цікава. Гэта іншая крайнасць патрыярхальнай сістэмы: мусульманка для аднаго мужчыны, нашы жанчыны для ўсіх. Нашы імкнуцца быць заўсёды сэксуальнымі, паводзіць сябе адпаведна, каб іх хацелі: ходзяць на манікюры, нарошчваюць валасы і робяць грудзі. Дзеля таго, каб павысіць свой кошт на рынку. Гэта брыдка, ці не так?
Табе 23 і ты не замужам. Больш за тое, у цябе няма пастаянных сур’ёзных адносін, якія абавязкова павінны прывесці да замужжа. Што з табой не так?
Ах, кар’еру хочаш зрабіць, стаць прафесіяналам. Дурная. Калі ў цябе будзе жаночае шчасце, усё зразумееш.
Вельмі спадзяюся на адваротнае. У прынцыпе, шчасце ў дзецях і баршчах лічу нармальным, але акрамя таго, ёсць мозг і цэлы свет! Заўсёды ў мяне ў запасе адзін аргумент, каб патлумачыць апаненту ў чым сутнасць рэчаў, напрыклад, такім чынам:
– Ты ж будучая маці,
– Чаму ты так вырашыў?
– Ну, ты ж дзяўчына!
– Так, у мяне ўвесь анатамічны набор жанчыны, але ў людзей, як правіла, ёсць мозг, і гэты орган не толькі для “паесці-паспаць”, ён таксама патрабуе выканання сваёй місіі.
Не да ўсіх, але да многіх даходзіць.
Ха-Ха-Ха! І ўсё ж! Ведаеце, што я зраблю, калі прыеду дадому? Пагалю ногі, нафарбуюсь і пайду гуляць.
Культура і забабоны. Гэтага ў нас не адняць, дзе б не знаходзіліся.
Гісторыя Алісы ад пачатку:
Мемуары эмігранткі – 2. Шчаслівы квіток
Мемуары эмігранткі -3. Чаму Аліса плача
Мемуары эмігранткі – 4. З Леонам усё ў парадку
Мемуары эмігранткі – 5. Грамадзянская пазіцыя – кухонны актывізм
Працяг хутка будзе! Заставайцеся з намі!
Здымкі Ірыны Новік, Алісы Чэкатоўскай.