Ціск на незалежных журналістаў працягваецца: Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава выклікалі ў міліцыю

|

“Я даведаўся пра выклік, як толькі ўклаў беларускую сімку ў тэлефон, як ехаў з Басовішча ў нядзелю. Патэліў старшы інспектар Аляксей Вайцешка і запрасіў завітаць і даць сведчанні адносна “чарговага сюжэта, які з’явіўся на Белсаце”. У размове ён згадваў таксама Алеся Дзянісава, таму ўсё і стала на свае месцы: будзе чарговая справа за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі”, – расказаў “Твайму стылю” Алесь Кіркевіч.

 

Пра выклік у міліцыю раніцай 20 ліпеня паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбук журналіст і музыка Алесь Дзянісаў. 

 

“Супраць мяне распачалі чарговую адміністратыўную справу. Усё ідзе да таго, што праз нейкі час я не дам рады зусім працаваць, бо ніхто не будзе даваць інтэрв’ю…”, – напісаў ён.

 

Алесь Дзянісаў пашкодзіў ногу пасля канцэрту на “Басовішчы”, таму хутчэй за ўсё пойдзе ў міліцыю заўтра.

 

Раней журналістаў абвінавачвалі і судзілі паводле ч. 2 арт. 22.9 Адміністратыўнага кодэксу РБ – за супрацу з тэлеканалам “Белсат”, зарэгістраваным у Польшчы. Нагодай для вызаву ў міліцыю на гэты раз стаў сюжэт на “Белсаце” пра выставу літоўскіх лялек у гарадзенскай выставачнай залі.