Раскрываючы таямніцы: гісторык Мечыслаў Супрон – пра невядомае сярэднявечнае паселішча каля Нёмана
– У школьны перыяд у мяне было незвычайнае хобі: пошук слядоў першабытнага чалавека. Пачалося ўсё з таго, што аднойчы выпадкова знайшоў на полі каменную свідраваную сякеру. Гэта было ў 2002 годзе. Затым недалёка ад таго месца знайшоў адшчэпы крэмнію і крамянёвыя прылады працы: праколкі, скрабкі. І панеслася…
Можна сказаць, мая “кар’ера” гісторыка пачалася ад гэтага моманту. Менавіта з гэтага часу я па-новаму паглядзеў на прадмет “Гісторыя” у школьнай праграме. Гісторыя для мене стала не як нешта абстрактнае, далёкае, нецікавае і непатрэбнае, а як сукупнасць падзей, якія непасрэдным чынам былі звязаны з маімі продкамі. Мае прашчуры – вось галоўны аб’ект у гісторыі…
Шмат людзей цікавяцца знаходкамі Мечыслава, але пра адну з самых важных практычна ніхто не ведае.
– Самая цiкавая ў плане навукi знаходка – сярэднявечнае паселiшча. Знаходзiцца у 2-3 кіламетрах ад Бярозаўкi на забалочаным беразе Нёмана, – распавядае гісторык.
– Першая знаходка на тым месцы была зроблена гадоў 7-8 таму. Гэта быў кавалак керамiчнага посуду. Знойдзены ён быў “дзякуючы” таму, што азначанае месца было успахана трактарам пад насаджэннi лесу. У прынцыпе, плугам быў знiшчаны увесь культурны слой. У вынiку пошукаў удалося знайсцi яшчэ некалькi дзесяткаў кавалкаў керамiкi, – працягвае Мечыслаў Супрон.
Знаходкі на беразе старыцы: кераміка, зробленая на ганчарным крузе, тачыльны камень.
– Да якога менавiта перыяду адносяцца знаходкi – сказаць цяжка. Магчыма, гэта 12-13 стагодзе. Людзi, якiя тут жылi, маглi займацца рыбнай лоўляй і жывёлагадоўляй. Ворыва тут абрабляць амаль немагчыма: землi слабаўрадлiвыя, – адзначыў краязнаўца.
Да блiжэйшых населеных пунктау даволі вялiкая адлегласць. Бярозаўка, якая там зараз, тады яшчэ не iснавала (яна была закладзена ў 19 стагодзi).
– На маю думку, паселiшча перастала iснаваць некалькi сот гадоў таму (магчыма, яно і праiснавала нядоўга), бо на яго месцы мне не ўдалося знайсцi нiводнай манеты (а першыя манеты, як вядома, з’явiлiся у ВКЛ пры Ягайле і Вiтаўце), – выказаў здагадку Мечыслаў Супрон.
На гэтым гісторык не спыняецца, у будучыні ён плануе вывучыць гэтае месца больш падрабязна, і, магчыма, з дапамогай гарадзенскага краязнаўцы мы зможам прыадчыніць яшчэ адну таямніцу ў нашай гісторыі.