Дзе набыць вышыванку ў Гродне?

|

“Твой cтыль” агледзеў крамы ў цэнтры горада на прадмет нацыянальнай вопраткі.

 

1. Галерэя рамёстваў “Ткалля” (Замкавая, 15)

Тут можна замовіць сапраўды аўтэнтычныя вышыванкі ручной вышыўкі на свой уласны памер. У нейкім сэнсе гэта элітная вопратка – для асаблівых выпадкаў. Гаспадыня здыме з вас меркі ды выслухае пажаданні.

“Мы свае вышыванкі робім на аўтэнтычнай тканіне, – распавядае гаспадыня Яўгенія Станіна, – гэта лён даўнішняга вырабу. Арнаменты ў нас не абстрактныя, а характэрныя менавіта для Гарадзеншчыны.”

Кошты як на мужчынскія, так і на жаночыя вышыванкі пачынаюцца ад 2 000 000 рублёў.

 

2. Этнакрама “Цудоўня” (“Крама Ц” на Траецкай, 16)

У новаадчыненай этнакраме вышыванкі з’явіліся зусім нядаўна. Тут можна знайсці як нацыянальную вопратку на кожны дзень, так і варыяцыі на тэму поўнай рэканструкцыі народнага строю.

“Гэта якасная машынная вышыўка, – тлумачыць Надзея, – яна робіцца ў Менску, вытворца – Elen Carotte. Кошты амаль не адрозніваюцца ад коштаў на звычайную вопратку: столькі ж каштуюць звычайныя якасныя цішоткі”.

Кошты пачынаюцца ад 700 000 рублёў.


3. Кіёск ад “Хаты Мастака” (тэрыторыя Старога Замку)

Побач з сувенірамі ёсць вышыванкі і на Замкавай гары, якую рэдка абмінаюць турысты. Тут можна прыдбаць мужчынскія кашулі машыннай вышыўкі з нацыянальным арнаментам.

Адметна, што толькі тут мы знайшлі рэдкія для Беларусі, але разам з тым стылёвыя чорныя вышыванкі з чырвоным арнаментам. Цікава, што вельмі падобная ўнікальная чорная вышыванка захоўваецца ў экспазіцыі музея побач: яе вышыла для беларускага вязня польскай турмы дзяўчына ў неяспакойныя 1930-я.

Кошты вышыванак – ад 570 000 рублёў.


4. “Хата Мастака” (гандлёвы комплекс АВС, Найдуса, 1)

Калі нехта яшчэ не быў, то краму давядзецца пашукаць: яна знаходзіцца на цокальным паверсе комплексу. Тут выбар мала адрозніваецца ад кіёску на Старым Замку. Затое ёсць яшчэ ільняныя сумкі з арнаментам праз плячо.

 

Кошт мужчынскай вышыванкі на асноўным стэндзе – 950 000 рублёў.


5. Гандлёвы цэнтр “Нёман” (Савецкая, 18)


Цікава, што ва ўнівермазе арнаментаваная вопратка знайшлася не сярод сувеніраў на першым паверсе, а толькі ў аддзеле мужчынскай вопраткі на трэцім.

Там можна прыдбаць досыць афіцыёзную кашулю ад Eliz з доўгім рукавом на сучасны манер. Жаночых аналагаў мы не знайшлі.

 

Кошт кашулі – 437 000 рублёў.

 

6. Крама “Ратушная” (Савецкая, 1)

Тут вышыванкі крыху нагадваюць аля-нацыянальныя строі з дамоў культуры альбо гурткоў студэнцкай самадзейнасці. Вытворчасць беларуская, вышыўка машынная.

 

Разам з тым кошты на жаночыя кашулькі зусім сціплыя – ад 250 000, на мужчынскія – ад 600 000.

Таямніцай, у пэўным сэнсе, для нас засталося, чаму аніводнай вышыванкі няма на “вуліцы рамёстваў” на сталах майстроў уздоўж Савецкай вуліцы? Лета яшчэ не скончылася, будзем спадзявацца, што попыт усё ж народзіць прапанову і сярод вулічных гандляроў.

 

Глядзі гарадзенскую мапу вышыванак

Фота Вольгі Мілавай