Хто яны, новыя гарадзенцы?
Уладзіміру 30 гадоў, ён атрымаў адукацыю ў мясцовым аграрным універсітэце і плануе вучыцца далей. Родам ён з Брэсцкай вобласці. У Гродне застаўся пасля навучання, бо за гэты час паспеў палюбіць горад.
Новае і старое
У Гродна я трапіў выпадкова. Прыехаў сюды паступаць у Гродзенскі дзяржаўны аграрны універсітэт, а падчас вучобы з’явілася жаданне тут застацца. Раней я жыў з бацькамі ў невялікім райцэнтры ў Брэсцкай вобласці. Працякала маё жыццё спакойна і мерна. Звычайнае жыццё звычайнага чалавека: праца – дом – сябры. Я захапляюся спортам, вельмі люблю футбол – і пагуляць і паназіраць за гульнёй. Бег таксама падабаецца. Устанеш летам у 6 гадзін раніцы і ідзеш на школьны стадыён бегаць. Мая каронная дыстанцыя была 3 км. Затым, стаміўшыся, прымаеш халодны душ і імчышся на працу. Стому як рукой здымае. І настрой ўвесь дзень добры. А ўжо ўвечары, калі не трэба дапамагаць бацькам, бяжыш гуляць у футбол з сябрамі. Вось так час і пралятаў…
Козыр
У розны час кім я толькі ні хацеў стаць – і спарцменам, і настаўнікам, і кіроўцам. Потым захапіўся рукапашным боем і каратэ, але жыццё распарадзілася так, што паступіў на агранамічны факультэт. І вось пасля 4 гадоў вучобы – у мяне на руках запаветны дыплом аб вышэйшай адукацыі! Чаму, дарэчы сказаць, я невымоўна рады. Пасля атрымання дыплома я не скажу, што нешта змянілася ў маім жыцці ў глабальным плане, але некаторыя плюсы наяўнасці вышэйшай адукацыі я, несумненна, атрымаў. Гэта і магчымасць уладкавацца на больш прэстыжную працу, больш зарабляць, і магчымасць “казырнуць” сваёй “коркаю” перад якой-небудзь прыгожай дзяўчынкай. Але самае галоўнае – гэта магчымасць павялічыць свае інтэлектуальныя здольнасці, пашырыць свой кругагляд, набыць новых сяброў. Адным словам, плюсаў ў атрыманні вышэйшай адукацыі вельмі шмат.
Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепш
Падчас навучання я дасканала вывучыў і горад. Ён мне вельмі спадабаўся. А яшчэ спрацавала банальная звычка: калі працяглы час жывеш у адным месцы, то моцна да яго прывыкаеш. У Гродне даволі шмат месцаў, дзе можна весела і культурна правесці вольны час, многа магчымасцяў для самаразвіцця і самаўдасканалення. Ну, і, мне захацелася пажыць асобна ад бацькоў, адчуць усе перавагі самастойнага жыцця. Для мяне першапачаткова было важна зачапіцца ў Гродне. Самая першая праца была звычайнай, былі ў ёй і свае плюсы і свае мінусы, як і ва ўсім. Вырашыў сысці, бо заработная плата была невялікай, грошай не хапала нават, каб плаціць за жытло. Прышлося памяняць працу на іншую, больш высокааплатную. Як кажуць, рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепш.
Гарадзенскія дзяўчаты – самыя прыгожыя ва ўсёй Беларусі
Зараз жыву ў гістарычнай частцы горада, здымаю жыллё ў раёне чыгуначнага вакзалу. Працую ў гандлі. Вольны час прысвячаю спорту, магу выйсці на шпацыр па гістарычных мясцінах, наведваю музеі, выставы, вельмі падабаецца бываць у Лядовым Палацы на хакеі, бо я заўзятар гарадзенцаў.
У Гродне жывуць вельмі ветлівыя і шчырыя людзі. Ну, а гарадзенскія дзяўчаты, на мой суб’ектыўны погляд, наогул самыя прыгожыя ва ўсёй Беларусі. Што тычыцца адносін, то я трошкі саромеюся расказваць нешта асабістае. Зараз у мяне няма дзяўчыны. А калі шчыра, то ўжо хацелася б сустрэць тую, адзіную. Бо падтрымка каханай падвойвае радасць ад сустрэчы, а жыццёвыя расчараваннi дзеліць папалам. Хочацца, каб мы сталі не чужымі адно аднаму, аднадумцамі, тымі, што глядзяць у адным кірунку і маюць падобныя мэты. Плюс супадзенне характараў тут адыгрывае немалаважную ролю. Адным словам, хочацца кахаць і быць каханым.
Мае самая любімыя месцы ў горадзе – гэта наберажная Нёмана і Каложская царква. Люблю таксама бываць у парку імя Жылібера, каля драматычнага тэатра, у Пышках. Жыццё ў Гродне значна адрозніваецца ад жыцця ў тым месцы, адкуль я прыехаў. У першую чаргу, па ўкладу жыцця, па рытму, па гарадской інфраструктуры, па магчымасці рэалізаваць сябе.
Праца
У наш час вельмі цяжка знайсці працу чалавеку з вышэйшай адукацыяй, незалежна ад яго месца пражывання. Раблю гэтую выснову з уласнага досведу і вопыту маіх сяброў і знаёмых. Значна ўскладняюць сітуацыю на рынку працы апошнія заканадаўчыя ініцыятывы, скарачэнні на многіх прадпрыемствах, перавышэнне попыту на вакансіі над іх прапановай, завышаныя патрабаванні многіх наймальнікаў, празмерная колькасць маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і многае іншае. Не схаваю: цяперашняя праца далёкая ад майго ідэалу, але улічваючы складаную сітуацыю на рынку працы стараюся атрымаць, што магчыма ад наяўнай сітуацыі і спадзяюся на развязак існуючых праблем з занятасцю насельніцтва. Цяжка, але дарогу адужае той, хто ідзе.
Будучыня
Што тычыцца планаў на будучыню, то тут я не буду арыгінальны: хочацца дасягнуць поспехаў у працы, у асабістым жыцці. Не стаяць на месцы, а пастаянна ісці наперад, самаўдасканальвацца, пазнаваць нешта новае і цікавае, каб было потым што распавесці сваім дзецям і ўнукам.
Уладзімір не плануе вяртацца на малую радзіму. У Гродне ў яго новае жыццё і новыя мэты. Тут ён хоча знайсці жонку і пабудаваць дом. Менавіта так і з’яўляюцца новыя гарадзенцы.