Мемуары эмігранткі-7. Сацыял-дэмакратыя ў рэальным рэжыме

Тааак … Да чаго дайшоў прагрэс. Караблі даўно барозняць прасторы сусвету, але гэта ўсё не пра нас. У ціхім спакойным жыцці беларускага горада тэхнічны прагрэс не адчуваецца так востра. Швецыя – іншая справа. Трапіць сюды, як перамясціцца на пару дзесяткаў гадоў у будучыню. Самалёты з wi-fі, хуткасныя цягнікі, вельмі зручны гарадскі транспарт і ўсё гэта зроблена для людзей. Прагрэсіўна і камфортна.

 

Чакаю аўтобус на прыпынку. Ён неўзабаве пад’ехаў і нахіліўся да пасажыраў, што збіраліся ўвайсці. Таты і мамы закацілі ў салон свае каляскі.

 

На вуліцах Стакгольма вельмі шмат людзей на інвалідных вазках. І гэта далёка не ад таго, што тут людзі часцей хварэюць. Проста гарадская прастора арганізавана з улікам іх  інтарэсаў. Пандусы, ліфты, зручныя з’езды з тратуара.

 

Тут выразна зразумела, што ў жыцці, а не на паперы значыць “сацыяльная дзяржава”. Сацыял-дэмакратыя на практыцы.

 

Цэнтр горада, хачу кавы. І гэта не праблема. Варта было ўсвядоміць жаданне і праз пяць хвілін я атрымала што хацела. “Домік”  падобны да нашай бліннай. Смачная кава, усмешлівы хлопец, сядзім ля вады, звесіўшы ногі.

 

Але што за крык? Гэта сапраўды не па-шведску. Падышла бліжэй да  шуму. Насупраць нейкага адміністрацыйнага будынка над узбуджаным натоўпам мільгаюць турэцкія сцягі. Добра арганізаваны мітынг. Гучна і імпульсіўна пераважна туркі прасоўваюцца па вуліцы.

 

Апошні раз падобнага роду з’явы я бачыла ў 2011 годзе. Толькі акцыі ў беларускіх гарадах былі маўклівымі з боку ўдзельнікаў і неапраўдана жорсткімі з боку ўладаў. Памятаю, як маю калегу 4 моцных хлопца ў цывільным выносілі з плошчы, як хлопчыка з роварам запіхвалі ў “бобік”. На прасторах сінявокай нельга быць незадаволеным і не дай бог вам пляскаць у ладкі на гарадскіх вуліцах. Гэта вельмі-вельмі-вельмі страшныя правіны.

 

У тым недалёкім 2011 я бачыла нешта неверагодна моцнае,  што чапляла за душу. Я бачыла характар.

 

Людзей запіхвалі ў аўтазакі і цэлымі партыямі везлі з гарадскіх вуліц. А яны ўсміхаліся. Гэтыя трохі сумныя і злёгку дурныя ўсмешкі… У іх адлюстроўвалася і недарэчнасць таго, што адбываецца, і сіла характару. Тыя што прайгралі ці адчуваюць віну так не ўсміхаюцца …

 

Я не вельмі люблю лічбы, але часам назваўшы ўголас толькі лічбу можна данесці да суразмоўцы  нашмат больш, чым пры выліванні  ў прастору словаў. Шэсць.

 

Шэсць шведскіх паліцэйскіх назіралі за мітынгам пад турэцкімі сцягамі. Іх было шэсць.

 

 



Гісторыя Алісы ад пачатку:  


 

Мемуары эмігранткі: пачатак  


Мемуары эмігранткі – 2. Шчаслівы квіток 

 

Мемуары эмігранткі -3. Чаму Аліса плача 

 

Мемуары эмігранткі – 4. З Леонам усё ў парадку 


Мемуары эмігранткі – 5. Грамадзянская пазіцыя – кухонны актывізм