Забыць нельга, знайсці. Частка чацвёртая: Ізраіль пацвердзіў гібель Канчука
У рэдакцыю “Твайго Стылю” прыйшоў адказ на адпраўлены запыт у Ізраіль. Жанчына Рут, якая цяпер жыве ў Тэль-Авіве, вельмі цікавіцца габрэйскай гісторыяй Гродна. Ізраільцянка вырашыла дапамагчы нам у пошуку сваякоў Канчука і Вазбуцкага.
“Добры дзень. Дзякуй за ваш ліст. Я гаварыла з рабінам Іцхакам Кофманам, які паказваў знойдзеныя вамі фатаграфіі ў сінагозе. Усё правільна было вамі напісана: два чалавекі згадваюцца на задніх баках ў фотаздымках – Абрам Вазбуцкi і Мэір Вольф (Зееў) Канчук, у другім выпадку Каiнчук. Па старонках сведчання, даступных у Яд ва-Шэм (Ізраільскі музей Халакоста), Абрам Вазбуцкi і Вольф (Зееў) Канчук жылі ў Аўгустове. Па дадзеных музея, яны былі абодва забітыя падчас Халакоста.
Ёсць некалькі чалавек, якія жывуць у Ізраілі пад прозвішчам Канчук. Я ў хуткім часе паспрабую з імі звязацца і высветліць, ці звязаныя яны з Вольфам (Зееў) Канчуком”, – напісала Рут.
Пакуль яна шукае Канчукоў у Ізраілі, мы напісалі ліст у Злучаныя Штаты Амерыкі. Магчыма, і там адгукнуцца сваякі Канчука.
Зыходзячы з атрыманай інфармацыі, можам намаляваць прыкладную карціну.
Сям’я Канчука пражывала ў Аўгустове, мяркуючы па інфармацыі, атрыманай з Ізраіля, і фатаграфіям, якія мы знайшлі. Сярод знойдзеных здымкаў мы адшукалі некалькі штук, якія, верагодна, былі зробленыя на Аўгустоўскім канале.
Сям’я не бедная, бо Канчук і яго верагодны брат служылі ў даваеннай польскай арміі.
Сярод знойдзеных здымкаў ёсць некалькі школьных фатаграфій, дзе галоўным на здымку з’яўляецца выкладчык. На жаль, яго прозвішча мы так і даведаліся.
Ёсць фатаграфіі і з іншых гарадоў, некалькі з Нью-Ёрка і Варшавы. Мабыць, гэта сябры ці сваякі (пра гэта мы яшчэ паспрабуем даведацца).
Ёсць верагоднасць таго, што сям’я Канчука падчас дэпартацыі аўгустоўскiх габрэяў была перакінутая ў Гродна. Пасялілі іх на цяперашняй вуліцы Антонава ў доме з некалькімі сем’ямі. Ужо пасля ліквідацыі гарадзенскага гета Канчук або нехта з яго сямейства схаваў сямейны альбом у падвале, з надзеяй, што калі-небудзь вернуцца за ім. Па другой версіі, можна сказаць, што Канчук з сям’ёй (бацькі, браты і сёстры) перабраліся з Аўгустова ў Гродна. Пра гэта сведчыць некалькі фотаздымкаў з друкам гарадзенскай фотастудыі. Менавіта ў Гродне яны і сустрэлі вайну.
Існуюць і іншыя версіі, але мы павінны атрымаць больш інфармацыі, каб распавядаць пра іх. Мы чакаем адказы з Ізраіля, Польшчы і ЗША. Будзьце з намі.
Забыць нельга, знайсці. Частка першая: невядомы сямейны архіў
Забыць нельга, знайсці. Частка другая: Хто такi Канчук?
Забыць нельга, знайсці. Частка трэцяя: З вайны яны не вярнуліся