Выйшаў гарадзенскі нумар часопіса “Маладосць”
Пачынанне вельмі добрае, і наагул складваецца ўражанне, што дзяржаўныя часопісы з пула былых літаратурных монстраў (Маладосць-Полымя-Нёман) патроху вяртаюцца да жыцця.
Вось і дзіцячую і маладзёвую “Бярозку” ізноў можна набыць у кіёсках, але да славы “Бярозкі” пачатку 90-х ёй яшчэ далёка.
Гарадзенскі нумар “Маладосці” адкрываецца шэрагам літаратурных твораў.
Сярод аўтараў некалькі гарадзенцаў – Эмілія Комар, Марыя Цітарчук, Аліна Паўлоўская.
Найбольш гарадзенцамі, як звычайна, прадстаўлены гістарычны раздзел.
Выключна цікавы артыкул Віктара Саяпіна пра нефармальня маладзёвыя рухі савецкага часу з мноствам фотак гарадзенскай моладзі і малавядомых музыкальных гуртоў.
Дадзена слова і маладым аўтарам – студэнтам гродзенскага ўніверсітэта Алесю Перагудаву і Мікіту Каранкевічу.
Яны расказваюць пра свой праект па апісанні знакаў на Каложы.
Ёсць артыкулы па музеязнаўстве, гарадской тапаніміі.
Часопіс атрымаўся цікавы і яго, безумоўна, варта прачытаць, шкада толькі, што пакуль нічога не чутно пра прэзентацыю выдання ў Гародні.
Хаця, па логіцы, дзяржаўнаму выданню нескладана было бы арганізаваць прэзентацыю ў бібліятэцы імя Яўхіма Карскага.
Пакуль жа набыць часопіс можна ў кіёсках Белсаюздруку насупраць кінатэатра “Гродна”, каля аблвыканкама і ў парку Жылібера на прыпынку грамадскага транспарта.