Ён – сістэмны адміністратар, “цар і бог” камп’ютарнага “жалеза”

У апошнюю пятніцу ліпеня ўжо не першы год у нашай краіне адзначаецца Міжнародны дзень сістэмнага адміністратара (сісадміна). Пра гэтую прафесію нам раскажа Іван, які ўжо на працягу пяці гадоў працуе на гэтай пасадзе ў прыватнай фірме.

 

У цяперашні час без сiсадмiна не абыходзіцца практычна ніводная буйная кампанія або арганізацыя. Ён – сістэмны адміністратар, “цар і бог” камп’ютарнага “жалеза”.

 

Сiсадмiн – гэта адзін з самых запатрабаваных супрацоўнікаў у любой арганізацыі, якая мае ёмісты парк камп’ютарнай тэхнікі або больш-менш арганізаваную сетку з камп’ютараў.

 

У яго абавязкі ўваходзіць не так шмат функцый: падтрыманне стабільнай працы камп’ютараў, падключэнне і наладка дадатковага абсталявання.


Акрамя гэтага – устаноўка ўсіх праграм для персанальнага камп’ютара, а таксама пастаяннае абнаўленне антывірусаў і сістэмных праграм.

– Якая асноўная камп’ютарная праблема ў гарадзенскіх офісах?

 

– Камп’ютары, як і інтэрнэт, усюды аднолькавыя, усё роўна ў Гродне вы або ў Дубаі, розніца будзе толькі ў прадуктыўнасці персанальнага камп’ютара і хуткасці інтэрнэту. Праблемы стандартныя: вірусы, няма інтэрнэту, пераўсталёўка Windows і гэтак далей.


– У многіх складаецца меркаванне, што людзі, якія працуюць з камп’ютарамі, гэта людзі далёкія ад “рэальнага свету”.

 

– Проста яны трохі больш унікаюць у сваю працу, чым усе астатнія. Большасць вядомых праграмістаў пачыналі свой шлях менавіта з сісадмінаў. Але з кожным днём усё больш школьнікаў захапляюцца найноўшымі тэхналогіямі. Менавіта таму камп’ютарных спецыялістаў становяцца ўсё больш, а ў нас з’яўляецца канкурэнцыя. Наогул, у Беларусі вельмі шмат таленавітых людзей, якія штогод займаюць прызавыя месцы на розных IT- спаборніцтвах.


– Ёсць куды развівацца беларускім спецыялістам?

 

– Вядома. У свеце кожны дзень нешта новае прыдумляюць. І прыдумляюць не толькі замежнікі, але і нашыя беларускiя хлопцы, якія мала каму вядомыя.

 

Калі спецыяліст чымсьці праславіўся – яму тут жа прыходзіць запрашэнне працаваць у лепшых кампаніях Беларусi або за мяжой. Шмат хто з’язджае, бо там перспектыў больш.

 

Хачу ўсіх павіншаваць і пажадаць далейшага развіцця IT сферы ў Беларусі, бо большасць IT прадуктаў, зробленых на тэрыторыі нашай краіны, адпраўляюцца за яе межы, а гэта значыць, што дзяржаўная скарбонка папаўняецца вельмі добра за кошт падаткаў гэтых кампаній.