Яшчэ адна гісторыя выжыўшага: самы маленькі вязень гарадзенскага гета
Хiршел Гродзенскі, а менавіта так яго звалі ў школе, нарадзіўся ў Гродне. Члены яго сям’і былі ў ліку 25 000 габрэяў, якія жылі ў горадзе да вайны. Глава сямейства быў цырульнікам, маці была хатняй гаспадыняй. Гродзенскія жылі на вуліцы Найдуса, у доме №8.
Калі прыйшлі немцы, маленькаму Хiршэлу было ўсяго 10 гадоў, але ён ужо тады разумеў, што пачынаецца вялікая бяда. У хуткім часе ўсіх габрэяў горада сагналі ў два гета.
Калі гета №2 было ліквідавана, усіх пакінутых габрэяў пагналі маршам у Калбасiно. Пакуль калона змучаных людзей ішла, Хiршэлу і яго 37-гадоваму бацьку ўдалося збегчы.
– Калбасiно быў транзітным лагерам для габрэяў, якія павінны былі быць адпраўленыя ў лагер смерці Трэблінка. Мая мама і брат, які быў на 2 гады маладзейшы за мяне, дайшлі да стацыі адпраўлення. Там іх запіхалі ў таварныя вагоны, якія ішлі ў Трэблінку. З таго часу я іх ніколі не бачыў. Некалькі дзён мы з бацькам блукалі ў адзіноце ў гарадзенскіх лясах.
Бацька з сынам не ведалі куды ісці, але ў выніку прайшлі вялікі шлях і патрапілі ў гета Беластока, дзе знаходзілася шмат габрэяў. Ліквідацыя беластоцкага гета пачалася ў кастрычніку 1942 года. Хiршэла і яго бацьку адправілі ў канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд, дзе яны абодва працавалі цырульнікамі: галілі галовы зняволеным. Пасля 9 месяцаў у Бухенвальдзе маленькі хлопчык з бацькам быў адпраўлены ў лагер смерці Асвенцым.
– Усе гэтыя гады, пакуль я быў заключаны ў турму Асвецыма, Дахаў і іншых лагераў смерці, я маліўся Богу. Часта, калі мне, 12-гадоваму хлопчыку станавілася вельмі дрэнна, я казаў Богу: “Калі ты дазволіш мне выжыць, я абяцаю, што адпомшчу і заб’ю ўсіх нацыстаў. Я прымушу іх заплаціць за смерць сваёй сям’і”.
Хiршэл і яго бацька перажылі Асвенцым, а затым былі адпраўленыя на завод, які знаходзіўся недалёка ад Берліна. Гэты завод часта бамбілі і ў траўні 1944 года Гродзенскіх пераводзяць у Дахаў, каб працаваць на фабрыцы. Але і там затрымацца не ўдалося, у хуткім часе быў аддадзены загад аб эвакуацыі лагера. Хiршэл з бацькам быў сярод 6887 габрэйскіх і рускіх ваеннапалонных, якія былі накіраваны на “марш смерці”. Калі калона палонных ішла, зверху пачалі страляць самалёты саюзнікаў. Дзякуючы гэтаму абстрэлу Хiршэлу з бацькам удалося ўцячы ў лес. Ужо пасля яны сустрэліся з амерыканскімі салдатамі. Гэта было 2 мая 1945 года.
– 8 мая 1945 года, калі вайна скончылася, прыйшоў час помсты, я жадаў выканаць сваё абяцанне. Я пачаў думаць колькі змагу забіць нацыстаў, перад тым як я загіну. 10, 100, 1000? Але што будзе далей? Хто будзе памятаць маю маці, бабулю і дзядулю, брата і дзядзьку з цёткай? І тады, трохі падумаўшы, я сказаў Богу, каб ён мне дараваў мае абяцанні. Менавіта тады я выбраў іншы план: жыць і расказваць пра тое, што адбывалася з намі. Я хацеў, каб тыя мае сваякі на нябёсах ганарыліся мною. Я паставіў сабе мэту, з якой ішоў па жыцці.
Правёўшы некалькі месяцаў у лагеры для вызваленых вязняў, Хiршэл з бацькам вырашылі эміграваць у Амерыку. Ва ўзросце 15 гадоў, у снежні 1946 года, юны гарадзенец прыехаў у Каліфорнію.
Праз 5 гадоў ужо паўналетняму гарадзенцу зноў даводзіцца быць на вайне. У гэты раз у ролі салдата. Хiршэл, які стаў Гаральдам, быў удзельнікам Карэйскай вайны.
Пасля вайны Гаральд Гордан вучыўся, а пасля ўладкаваўся супрацоўнікам у вядомую кампанію Unocal Corporation, дзе прапрацаваў 42 гады. Таксама два гады запар гарадзенец ездзіў па Штатах і выступаў у школах і універсітэтах, дзе расказваў пра жахі вайны. Усё гэта ён рабіў бясплатна, бо хацеў аддзячыць краіне за прадастаўленае месца жыхарства.
– У памяць аб маёй любімай сям’і я стаў пісаць кнігу, дзе распавядаў пра горад Гродна, пра гарадзенскіх габрэяў і пра жахі вайны. Пісаў, каб памяць аб маёй сям’і заставалася і пасля маёй смерці.
Яшчэ адна вялікая радасць у жыцці Гордана гэта штодзённыя лісты ад студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў, якія чытаюць яго запісы і кнігу. Пра родны горад Хiршэл Гродзенскі памятае, але прыехаць ужо не можа. Усё што ён можа зрабіць, гэта прапанаваць гарадзенцам пазнаёміцца з яго кнігай пад назвай “Апошні світанак“.