Гарадзенскія арнітолагі выратавалі бусла

– Нам паступіў званок ад жанчыны, якая распавяла што ў вёсцы Жылічы Мастоўскага раёну знаходзіцца паранены бусел. З яе слоў, маладая птушка ўпала з гнязда, а калі падала – стукнулася аб слуп. Лётаць і хадзіць не можа. Мы сказалі жанчыне пачакаць суткі, калі за гэты час нічога не адбудзецца, то мы прыедзем і дапаможам буслу, – расказаў Зміцер Вінчэўскі, намеснік старшыні абласнога аддзялення арганізацыі.

align=”” >

Прайшлі суткі, а бусел так і застаўся на месцы. Мясцовыя спрабавалі яго падкарміць і нават прынеслі вядро з вадой, але птушка нікога да сябе не падпускала.

 

Адпраўляемся разам з арнітолагамі ў вёску.

 

Па прыездзе на месца бачым, што птушка ўсё яшчэ знаходзіцца недалёка ад месца свайго падзення.

 

Акуратна падышоўшы да бусла, мы пачалі разглядаць, якая ў яго праблема. Па здагадкам, у птушкі была зламаная нага і нейкія праблемы з галавой, бо з дзюбы цякла кроў.

Мужчына, які ўбачыў нашу машыну і падыйшоў да нас, распавёў, што ў гняздзе былі два птушаняты: адзін застаўся там, а другі выпаў.

Ужо на месцы было вырашана забіраць птушку з сабой і весці ў заапарк, дзе ветэрынары маглі б агледзець птушку.

 

Спецыялісты акуратна ўзялі бусла, завязалі вочы, каб птушка лягчэй пераносіла стрэс, загарнулі ў покрыва і адправіліся ў Гродна.

У заапарку ветэрынары ўжо чакалі і хутка пачалі дапамагаць птушцы.

 

Што будзе з буслом – пакуль невядома, зробім ренген, а там ужо будзе бачна. Спадзяюся, першы час ён будзе ў нас, а потым, магчыма, мы яго завязем ў родныя мясціны, – распавёў ветэрынар заапарка.

Дарэчы, у Беларусі налічваецца каля 20 тысяч пар белага бусла. Па гэтым паказчыку Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце.

 

Чытай таксама: Паранены бусел чакае дапамогі

Спецыялісты адзначаюць, што звычайным грамадзянам не рэкамендуецца самастойна ратаваць дзікіх птушак.

 

Адно няправільнае дзеянне можа прывесці да смерці жывёлы.

 

Пры выяўленні параненых птушак трэба паведамляць у мясцовую службу аховы навакольнага асяроддзя альбо ў аддзяленне арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, дзе вам раскажуць што і як трэба рабіць.

Фота аўтара