У Гродне падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з Кітаем у галіне спорту
Ужо два гады ў правінцыі Цзянсi працуе вядомы і заслужаны трэнер нашай краіны – Ігар Уладзіміравіч Цыцорын.
Дзякуючы яму і ўдалося наладзіць двухбаковыя адносiны. Ігар Уладзіміравіч з’яўляўся галоўным трэнерам Івана Ціхана і многіх іншых гарадзенскіх спартсменаў, якія паспяхова выступалі на розных спаборніцтвах у кіданні молата.
– Магу сказаць, што нашым спартсменам цяпер будзе выгодней ездзіць у Кітай, чым у Адлер. Там і танней і ўмовы для падрыхтоўкі лепшыя.
Кітайскія спартсмены, з якімі я зараз працую, вельмі дысцыплінаваныя. Ніколі не будуць пярэчыць трэнеру. Скажаш ім 20 кругоў – яны будуць паміраць, але зробяць гэта – распавёў Ігар Уладзіміравіч.
Паводле дамовы, цяпер гарадзенскія спартсмены будуць наведваць кітайскую правінцыю летам, а азіяцкія спартсмены будуць трэніравацца ў Беларусі зімой. Такім чынам атрымліваюцца ўзаемавыгадныя ўмовы і абмен вопытам.
– Кітайскія спартсмены ў апошні час даказалі, што яны гатовыя быць ва ўсім першыя, але ім ёсць чаму павучыцца і ў нашай гарадзенскай спартыўнай школы – распавядае начальнік упраўлення спорту і турызму гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.
– На сённяшні дзень у Гарадзенскай вобласці культывуецца 32 алімпійскіх віду спорту. 520 спартсменаў Гарадзеншчыны прадстаўляюць розныя каманды краіны.
Мінулы чэмпіянат па лёгкай атлетыцы паказаў высокі ўзровень нашай вобласці. Гэта азначае, што ў нас ёсць база і сур’ёзны патэнцыял. Менавіта гэтым і зацікавіліся прадстаўнікі Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Спадар Цынь Хуан Бінь – прадстаўнік камітэту спорту і турызму правінцыі Цзянсi, падзякаваў гарадзенцаў за цёплы прыём і сказаў, што дадзеным пагадненнем супрацоўніцтва толькі пачынаецца.
align=”” width=”515″ height=”386″ >
– Дзякуй вялікі за дапамогу ў падрыхтоўцы нашых спартсменаў. За кароткі час вынік ужо відавочны.
Дзякуючы супрацоўніцтву ў нас ёсць чэмпіён Алімпіяды ў кіданні молата, прызёры чэмпіянату свету і розных гульняў у Азіі.
Вынікамі мы задаволеныя, спадзяемся, што гэта толькі пачатак. У будучыні мы хочам, каб аб спартоўцах нашай правінцыі загаварылі не толькі ў Кітаі, але і ва ўсім свеце.