Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Астравецкі раён
Нашае віртуальнае падарожжа па Гарадзеншчыне пачынаем з Астравецкага раёна.
Паводле складзенага нядаўна “Тваім стылем” рэйтынгу якасці жыцця менавіта гэты рэгіён Гарадзеншчыны, які часам назаваюць Беларускай Швайцарыяй, заняў першае месца.
Нашым правадніком па ім стала журналістка і вядоўца курсаў “Мова Нанова” у Астраўцы Алена Гануліч.
1. Касцёл Святой Троіцы
Беларускі Версаль знаходзіцца ў Гервятах.
Касцёл святой Тройцы па-ранейшаму ўражвае гасцей сваёй вытанчанасцю і шпілем, які, здаецца, упіваецца ў самыя аблокі, а тэрыторыя вакол яго – узор ландшафтнага дызайну.
2. Сарачанскія азёры
Тумскае, Ёдзі, Вераб’і, Кайміна і іншыя, бы Божыя слёзкі, сатканы з чысцюткай вады.
Яны займаюць адну агульную ледавіковую лагчыну, даўжыня якой складае больш за 20 км, і вылучаюцца асаблівай маляўнічай прыродай.
3. Архітэктурны ансамбль у Варнянах
Унікальны архітэктурны ансамбль у Варнянах, які часткова дайшоў да сучаснасці, прадстаўлены двухвежавым касцёлам імя святога Юрыя, цаглянай забудовай жылых дамоў ХVІІІ стагоддзя, вежай-альтанкай і млыном.
4. Вёска Дубок
Гэтае месца ахутана сівымі легендамі: калісьці тут былі язычніцкія капішчы, зараз – комплекс сакральных мураваных пабудоў і драўляных крыжоў, якія размешчаны на правым беразе Віліі ў ваколіцах вёскі; драўляны касцёл, у якім толькі раз на год адпраўляецца богаслужэнне і каплічка Маці Божай, з якой б’е цудадзейная і гаючая крыніца.
Даўней сам граф Тышкевіч сплаўляўся па хуткаплыннай Віліі.
Чаму б і сучаснікам не сплавіцца па рацэ і з новага ракурсу паглядзець на Астравеччыну?
Тым больш што самае старажытнае паселішча, якое ўзгадваецца ў летапісах як уладанне Ягайлы пад 1390 годам, Быстрыца да гэтага часу амываецца Віліяй.
Фота Андрэя Памецькі і з інтэрнэт-рэсурсаў razima.org, tut.by, kraj.by (Валерыя Пярлухіна, Зміцера Міхневіча, Сяргея Плыткевіча, Юрыя Горыда).