Знемагаючыя ад спякоты гарадзенцы кінуліся скупляць вентылятары

|

“Твой стыль” прайшоўся па некалькіх гандлёвых кропках і даведаўся, ці паўплывала спякота на продаж вентылятараў і колькі каштуюць гэтыя прылады.

У “Пятым элеменце” на Касманаўтаў спецыяліст па продажах бытавой тэхнікі Уладзімір пацвердзіў, што ў іх за апошні час вельмі ўзрос попыт на вентылятары.

 

– Калі раней мы прадавалі па 5 вентылятараў у дзень, то цяпер гэта лічба ўзрасла да 50. Бяруць у асноўным самыя танныя. Самы хадавы ў нас вентылятар “Scarlet”. Яго кошт – 333 тысячы рублёў. Сёння нам прывезлі каля 200 новых вентылятараў, будзем прадаваць, пакуль пратрымаецца такое надвор’е, – адзначыў у размове з “Тваім стылем” Уладзімір.

 

У “Карона тэхна” вентылятары былі яшчэ больш таннымі, таму і продажы тут былі значна вышэйшыя. 

 

– Самы танны ў нас вентылятар “Sencor”, каштуе  339 тысяч рублёў. На мінулым тыдні за 2 дні мы прадалі каля 300 вентылятараў, бо ў нас былі вентылятары і за 230 тысяч рублёў. Хутка ў нас будзе новы завоз, магчыма, там з’явяцца некаторыя навінкі, – распавёў супрацоўнік крамы Сяргей.

 

Як паведамляюць спецыялісты гідраметцэнтра, гарачае надвор’е яшчэ захаваецца на гэтым тыдні. А ўжо з наступнага пойдзе паніжэнне тэмпературы.