Гарадзенскіх раварыстаў запрашаюць у ВелаПатруль

|

Часам у навінных зводках нам сустракаюцца арыенціроўкі на зніклых людзей: падлеткі, дзядулі, дарослыя людзі, дзеткі. І звычайна нам здаецца, што іх пошук – справа міліцыі. Часткова – так. Поспех пошукаў залежыць ад аператыўнасці, маштабнасці і настойлівасці. Нажаль, у міліцыі не заўсёды хапае часу і чалавечага рэсурсу.

 

Па гэтых прычынах у розных гарадах ствараюцца пошукавыя атрады, якія складаюцца з валанцёраў. Пару гадоў таму ў Гродне сабралася свая група – “ЦэнтрСпас”.

 

Шукаць даводзіцца і ў Гродне, і ў вобласці, у горадзе і лесе, і жывых, і патэнцыйна мёртвых, у выхадныя дні і ў буднія… За апошнія паўгады-год валанцёры “ЦэнтрСпас” больш за 20 разоў выходзілі на пошукі зніклых людзей, палова з такіх пошукаў аказалася выніковая.

У пошуках… людзей: як гарадзенскія валанцёры шукаюць зніклых

Часта падчас пошукаў неабходна аператыўна расклеіць арыенціроўкі або агледзець раён, што аднолькава цяжка рабіць пешшу і на аўтамабілі. Раварысты больш мабільныя і могуць быць больш уважлівыя. Менавіта таму і нарадзілася ідэя стварэння ВелаПатруля.

 

“Дапамога ад ВелаПатруля будзе вельмі адчувальная падчас гарадскога пошуку, а менавіта пры патруляванні вуліц і расклейванні арыенціровак. Ровар істотна хутчэй пешахода і больш манеўровы чым аўтамабіль. Я асабіста заўсёды расклейваю арыенціроўкі з ровара”, – распавёў у інтэрв’ю для “Твайго стыля” камандзір атрада “ЦэнтрСпас” Яраслаў Струцiнскi.

 

Па яго словах, ідэя стварэння ВелаПатруля ўжо даўно лунала ў паветры. “ВелаПатруль – вельмі патрэбная ініцыятыва, якая закліканая вырашыць пэўную колькасць задач, якія ставіць перад сабой пошукавы атрад. Таксама гэта магчымасць прыцягнуць тых, хто прывык ездзіць на ровары і не любіць хадзіць пешшу”, – адзначыў Яраслаў.

 

Якая можа быць дзейнасць:

– Расклейка і раздача арыенціровак па горадзе;
– Патруляванне канкрэтнай мясцовасці;
– Выезд на пошукі ў раён (часта бываюць праблемы з аўтатранспартам);
– Аб’езд лясных сцежак і дарог у пошуках блукаючага па іх чалавека або пакінутага аўтамабіля;
– г.д.

Абавязкі валанцёра:

– Ніхто нічога нікому не абавязаны, але калі вы можаце прысвяціць свой час для пошукаў зніклага – гэта бясцэнны ўклад.

Як часта прыйдзецца прымаць удзел у пошуках?

– Ніхто не ведае, часам доўга ніхто не губляецца, а часам – кожны тыдзень.

Паведамленні аб зніклых будуць публікавацца на Форуме і ў спецыяльна створаным чаце ў ВК. У чат можна трапіць, звязаўшыся у ВК з актвісткай “ВелаГродна” Юліяй (jil_ka). 

 

“Пакуль мы толькі запрашаем людзей і чакаем рэакцыі. Як толькі будзе выпадак знікнення чалавека, тады і паглядзім у рэальнасці, наколькі людзі зацікавіліся гэтай ідэяй і наколькі эфектыўная будзе ініцыятыва. Часта пошукі адбываюцца ў буднія дні, у кагосьці ў гэты час можа быць свая праца, свае справы, кожны глядзіць па сваёй сітуацыі, ці можа выехаць на пошукі чалавека. Пакуль нешта казаць складана, бо мы не можам праверыць працу групы. Можа, на шчасце, ніхто да новага года не згубіцца. Пакуль аб сваім жаданні ўвайсці ў ВелаПатруль заявілі шэсць чалавек. Гэта, канешне, вельмі мала, таму мы запрашаем усіх ахвотных далучыцца да нашай ініцыятывы”, – сказала ў каментары для “Твайго стыля” Юлія.

 

Стаць валанцёрам “ЦэнтрСпас” і не чакаць паведамленняў адмыслова для “ВелаПартуля” можна, пакінуўшы свае дадзеныя тут: centrspas.org/anketa