Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Ваўкавыскі раён

|

Знаёміць з “разынкамі” гэтага раёна нас будзе рэдактар сайта volkovysk.by Алесь Зайцаў.

1. Крэйдавыя кар’еры ля пасёлка Краснасельскі

Гэтыя вадасховішчы з неверагоднага колеру вадой ужо даўно называюць беларускімі Карыбамі альбо Мальдывамі. 

 

На дзікіх схілах крэйдавых кар’ераў ля Краснасельскага кожнае лета збіралася вялікая колькасць людзей, якіх вабілі незвычайныя краявіды ды магчымасць адчуць прыліў адрэналіну.

 

З нядаўняга часу купацца на кар’ерах строга забаронена. Таму палюбуйцеся імі хоць з дапамогай фотаздымкаў.

 

2. Шведская гара і Замчышча

Гэтыя старажытныя гарадзішчы даўно ўжо сталі візітоўкай Ваўкавыску. 

 

Паводле паданняў, Шведскую гару сваімі шапкамі насыпалі шведскія жаўнеры на магілай свайго камандзіра. 

 

Праведзеныя навукоўцамі раскопкі пераканаўча даказалі, што Шведская гара, Замчышча і суседняе з імі гарадзішча Муравельнік маюць прыроднае паходжанне. 

 

Аднак прыгожая легенда надае гэтым маляўнічым пагоркам дадатковай рамантыкі і таямнічасці.

 

Глядзіце відэа Шведскай гары з вышыні птушынага палёту і пераканайцеся ў гэтым!

 

3. Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў вёсцы Гнезна

 

Самы старажытны касцёл на Ваўкавышчыне. Быў збудаваны ў 1524 (1527) г. 

 

Храм з’яўляецца рарытэтам беларускай познай готыкі з элементамі рэнесансу.


Паўночная вайна пачатку XVIII ст. і вайна 1812 г. пакінулі на ім меткі – на галоўным фасадзе ўмуравана ядро, ёсць сляды гарматнага абстрэлу.


Пад храмам  знаходзіцца крыпта, у якой хавалі спачатку кальвіністаў, потым каталікоў і вядомых шляхціцаў.

 

У гады савецкай улады касцёл быў закінуты і пачаў прыходзіць у запусценне.

 

На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў пытаннямі рэканструкцыі і адраджэння сярэднявечнага храма займаецца ксёндз Людвік Станішэўскі.

Гэта вялікі энтузіяст, які па сумяшчальніцтве з духоўнай місіяй паспяхова выконвае ролю краязнаўцы і папулярызатара гісторыі мястэчка.

 

А гісторыя яго сапраўды багатая, бо нават у наш час у Гнезна часам адбываюцца цікавыя падзеі. Да прыкладу, копію знакамітай “Сікстынскай мадонны” Рафаэля, размешчаную ў цэнтры алтара, пісаў мастак-самавук з горада Ваўкавыска.

 

Як майстру ўдалося стварыць велізарнае палатно вышынёй каля 2,5 метра ў стандартнай двухпакаёвай кватэры, застаецца загадкай.

 

4. Сядзіба ў вёсцы Краскі

Сядзіба знаходзіцца на ўсходняй ускраіне в. Краскі, на левым беразе р. Зяльвянка.


Сфарміравана ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Уключае сядзібны дом, гаспадарчыя пабудовы, парк, сажалку.


Уся тэрыторыя (50,2 га) падзелена на 2 часткі: паўночна-заходнюю, якую займае лесапарк, і паўднёва-усходнюю, дзе размешчаны асноўныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы, вакол іх – пейзажны парк.


Кампазіцыйны цэнтр – сядзібны дом.

У 2011 г. сядзібу за 100 000 даляраў ЗША набыў у прыватную ўласнасць расеец Селіхаў, які павінен рэканструяваць яе да 2017 года.


5. Сядзіба ў Падароску

Гэты маёнтак за агароджай з чырвонай цэглы добра бачны з дарогі з боку Ваўкавыска на Ружаны.


Першапачаткова сядзіба належала роду Чачотаў, але ў 1854 г. фальварак перайшоў да Рамана Бохвіца, які перабудаваў дом і парк вакол яго, ператварыўшы сядзібу ў помнік позняга класіцызму. 


У савецкія часы ў будынку былі школа, кантора калгасу, а апошнія гады ўвогуле пуставаў і разбураўся.


У 2012 г. сядзібу за 120 тыс. долараў выкупіў расейскі бізнесовец з беларускімі карэннямі Павал Падкарытаў, які плануе стварыць тут музей беларускай шляхты.


Фота: makutello.blogspot.com, volkovysk.by

 

Чытай таксама:

Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Астравецкі раён