Студэнт Яўген Клачок: У Гродне ёсць актыўныя людзі, гатовыя змяняць горад да лепшага
“Ідэя прыйшла спантанна падчас прагулкі па набярэжнай. Недарэчная велізарная аранжавая сцяна моцна кідалася ў вочы. Я падумаў, чаму б яе не акультурыць?” – распавёў у інтэрв’ю “Твайму стылю” Яўген.
Ён прапанаваў сваю ідэю ў сацыяльнай сетцы, у пабліку “Типичный Гродненец“, дзе яна атрымала адабрэнне і выклікала цікавасць сярод моладзі горада. “Мы прыняліся рабіць прыдатныя эскізы, з усіх прапанаваных варыянтаў спыніліся на панараме горада з левага берага, дзе была намаляваная страчаная архітэктура Гродна.
Далей на маю просьбу адгукнуліся вулічныя мастакі з GRAFFITI ART GRODNO, на іх мы і спыніліся, аднак было яшчэ шмат жадаючых дапамагчы, якія ўмеюць і не ўмеюць маляваць, што здзівіла мяне”, – адзначыў гарадзенец.
Наступным крокам стала ўзгадненне працы з адміністрацыяй горада.
“Наслухаўшыся казак аб тым, што дазвол выбіць практычна нерэальна і гэтак далей, я вырашыў звярнуцца наўпрост да старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя.
Кіраўнік горада асабіста ўхваліў ідэю і даў указанні патрэбным службам.
Справа засталася за малым: закупіць фарбу і адрамантаваць сцяну. Гарадзенцы гатовыя былі самі дапамагчы з патрэбнымі матэрыяламі, але і тут нам пайшла на сустрэчу адміністрацыя і ўсё прадаставіла”, – расказаў Яўген.
А самай вялікай праблемай, як аказалася, стаў памер сцяны. Хлопцам вельмі складана прамалёўваць дэталі горада ў такім маштабе.
“Гарадзенцы жывуць у найпрыгожым і ўнікальным для Беларусі горадзе, у якім стваралася гісторыя.
Усё цячэ, усё мяняецца, а падобныя праекты, хай нават такія бюджэтныя, як гэтая сцяна, на наш погляд, здольныя абудзіць цікавасць сярод моладзі да гісторыі роднага горада і сваёй роднай краіны.
Ёсць у нас актыўныя людзі, гатовыя змяняць горад да лепшага, ёсць добрыя ідэі, галоўнае – не баяцца іх рэалізоўваць, а падтрымка заўсёды знойдзецца.
Гэта наш дом, гэта наш Гродна”, – рэзюмаваў Яўген Клачок.