З Мінска ў Варшаву праз Гродна: беларуская чыгунка плануе адкрыць новы маршрут

|

Сумесна з польскімі калегамі Беларуская чыгунка плануе ў снежні адкрыць новы лагістычны маршрут Мінск – Гродна – Беласток – Малкін – Варшава з перасадкай пасажыраў на станцыі Гродна.


У выніку дамоўленасці Беларускай чыгункі з польскімі калегамі са снежня маршрут руху цягніка Гродна – Беласток – Малкін будзе падоўжаны да Варшавы.

 

Плануецца, што цягнік будзе адпраўляцца з Гродна ў Польшчу ў 07.06 і прыбываць у Беласток у 08.02, у Малкіна – у 09.40, у Варшаву – у 11.29.

 

Прапанаваны графік руху дазволіць арганізаваць зручную перасадку пасажыраў на станцыі Гродна пры руху ў Польшчу з цягнікоў міжрэгіянальных ліній №№631, 609, 623, 634, якія звязваюць Гродна з Мінскам, Гомелем, Магілёвам, Віцебскам.

 

Зручная лагістыка прадугледжана і ў зваротным кірунку. Цягнік будзе адпраўляцца з Варшавы ў 06.26 і прыбываць у Гродна ў 14.20, што дазволіць пасажырам далей у 15.25 адправіцца ў Мінск, у 16.53 – у Маскву, Віцебск або Магілёў, у 17.18 – у Санкт-Пецярбург, Баранавічы ці Гомель.

 

Таксама плануецца, што кошт перавозак на гэтым маршруце будзе фіксаваным.