Як ратавалі дом купца Крэйцара ў Гродне
Літаральна некалькі тыдняў таму з яго знялі капаролаўскую заслону. Ужо можна пабачыць адноўленую і нават пафарбаваную ляпніну, а таксама новую сталярку, якая, аднак, выканана па аўтэнтычных узорах. Да канца 2015 года будынак у экспплуатацыю ўвесці не паспеюць, але цягам года аддзяленне Беларускага Народна Банка ўжо павінна прыняць першых наведвальнікаў.
Свайго часу на аднаўленне чакаюць аўтэнтычныя балконы будынка і арыгінальныя ралеты 1910 года, якія хаця і не працавалі, але захоўваліся ўсе мінулыя гады. Невядома, ці будуць хаця б закансерваваныя рэшткі фрэсак і ляпніны ўнутры будынка. Але ў цэлым можна сказаць, што гродзенцы будынак захавалі.
Дом Крэйцара на здымку 1944 года. Добра бачныя балконныя краты
У канцы 2007 года будынак былой аптэкі па вул. Сацыялістычная, 44 быў прададзены Беларускаму Народнаму Банку. Літаральна праз некалькі месяцаў, у маі 2008 г., гродзенскія гісторыкі звярнуліся да банкіраў з просьбай паставіцца да аднаўлення будынка максімальна ўважліва і апублікавалі свой зварот разам з актым тэхнічнай экспертызы па будынку, выкананым мінскім архітэктарам Андрэем Шулаевым.
Дырэкцыя банка нічога не адказала гісторыкам, і ўжо пад канец 2009 года гісторыя атрымала працяг. На разгляд навукова-метадычнай рады па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей паступіў праект “рэканструкцыі” гэтага будынка з поўным зносам усіх сценак дома, апрача фасаднай.
Так выглядаў будынак у 2007 годзе
У выпадку рэалізацыі праекта будынак чакаў бы лёс навадзела – рэстарана “Беласток” па вуліцы Гараднічанскай. Аднак рашучая пазіцыя грамадскасці і своечасовае інфармаванне людзей пра планы рэканструктараў прывялі да таго, што навукова-метадычная рада не дала дазволу на такую пераробку будынка.
Гэта адтэрмінавала ягоную рэканструкцыю на некалькі гадоў, але дало магчымасць захаваць будынак амаль у арыгінальным выглядзе – ніякіх трэціх паверхаў і павелічэнняў аб’ёму, а таксама ніякіх пенаблокавых сценак. Выратаванню будынка вельмі дапамагла рашучая і прынцыповая пазіцыя Алены Пархуты – навуковага кіраўніка дома, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2 катэгорыі.
Так будынак выглядае сёння (на загалоўным здымку – поўны выгляд будынку на сённяшні дзень)
Ці закрыюць вітрыны арыгінальнымі ралетамі?
Будзем чакаць адкрыцця Беларускім Народным Банкам свайго аддзялення ў цэнты горада. У такі прыгожы будынак не шкада будзе несці ўкладаць свае грошы.
Нагадаем, дом купца Крэйцэра па вул. Сацыялістычнай, 44 – адзін з найбольш каштоўных помнікаў архітэктуры мадэрн у нашым горадзе. Пабудаваны ў 1910 г. пры дамамозе жалезабетонных канструкцый (перакрыцці), што для таго часу было пэўнай тэхнічнай навіною.