Перамога “Нёмана” над “Мангеймам”: як гэта было

|

За гульнёй “Нёмана” сачылі не толькі ва ўсёй Беларусі, але таксама ў шматлікіх краінах Еўропы. Гарадзенцы стартавалі з перамогі, а значыць, заявілі пра сябе як аб сур’ёзным суперніке. Яшчэ перад матчам букмекеры аддавалі перавагу нямецкай камандзе. Але дома “Нёман” даказаў, што ён не “хлопчык для біцця”, і паказаў выдатны старт у Лізе Чэмпіёнаў.

Ужо пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Мілаш Голань сказаў, што каманда гуляла сэрцам, за кошт гэтага і перамагла.

 

– У першую чаргу вялікі дзякуй заўзятарам – у такой атмасферы прыемна гуляць. Хакеісты гулялі сэрцам. Добра гулялі ў большасці, легіянеры выдатна згулялі. А для беларускіх гульцоў гэта таксама быў першы вопыт. У нас была ясная задача на гульню, і ўсё згулялі выдатна.


Самы складаны момант паўстаў, калі супернік гуляў у большасці. Мы вывучалі большасць “Мангейма”, там шмат дасведчаных гульцоў з вопытам выступаў у НХЛ і АХЛ. Гэта было складана.


Першыя два звяна гулялі больш, таму што бачыў, што некаторыя гульцы не вытрымліваюць хуткасці. Але я задаволены ўсімі пяцёркамі, кожны выканаў сваю задачу максімальна добра.


Фанаты гарадзенскага “Нёмана” лічаць, што каманда перамагла за кошт жадання і самааддачы.

– Матч з “Адлерам” быў цікавым і захапляльным. Эмоцыі перапаўнялі. Суткі да матчу перажывалі, хваляваліся. Варта было ўбачыць каманду на лёдзе, упэўненасць і жаданне перамогі ў іх вачах – і хваляванне адступіла. Эмоцыі настолькі зашкальвалі, што мы пазрывалі галасы.


Каманда перамагла за кошт таго, што яна была сапраўднай Камандай з вялікай літары. Гулялі яны зладжана, выразна, з поўнай самааддачай і найвелізарным жаданнем перамагчы. Хочацца пажадаць хлопцам гуляць гэтак жа ў наступных матчах. Дзякуй “Нёману” за такое грандыёзнае свята. Разам мы “Нёман”! – распавяла Юлія з асновы фанацкага руху “Нёмана”.

 

Iгрок матчу, галкіпер “Нёмана” Максім Саманькоў распавёў, што каманда настройвалася толькі на перамогу.

– Цяпер трэба адпачыць, і едзем у Нямеччыну. Думаю, будзе цяжка. На матчы нас заўзятары падтрымлівалі суперскi, увогуле – як заўсёды. Мы выходзілі і настройваліся на перамогу, вось і выйгралі. Чаго іх баяцца? Мы з таго ж цеста зробленыя. Мы былі гатовыя да таго, як яны разгульваюць большасць. Нічым у гэтым плане не здзівілі. Мы добра згулялі, не далі ім ўвасобіць свае задумкі. Вырашальным фактарам стала гульня ў няроўных складах, а таксама ў абароне надзейна згулялі. Мяркуючы па іх перадматчавым інтэрв’ю, яны ехалі без недаацэнкі, былі настроеныя на перамогу, але перамога аказалася за намі.


А вось адзін з легіянераў “Нёмана”Францішак Складаны лічыць, што перамога далася за кошт выканання трэнерскай ўстаноўкі.

 

– Тры-чатыры дні таму мы пачалі думаць аб Лізе чэмпіёнаў. Усе чакалі пачатку, чакалі вельмі цяжкай гульні. Ведалі, што “Мангейм” – вельмі сур’ёзны супернік. Але, як відаць, добра падрыхтаваліся і на сто адсоткаў выканалі трэнерскую ўстаноўку. Біліся адзін за аднаго. Плюс брамнік сваімі дзеяннямі падтрымаў каманду. Думаю, “Мангейм” чакаў, што матч складзецца лягчэй, але па ходу сустрэчы зразумеў, што мае справу таксама з добрым, сур’ёзным супернікам.


Дзве сваіх пераможных шайбы гарадзенцы закінулі ў большасці. У першым перыядзе вызначыўся Мілан Мікулік, а ў другім Міхал Хован.

align=”” width=”725″ height=”544″ >

Дзяўчыны хакеістаў “Нёмана” на матч прыйшлі ў байках з прозвішчамі сваіх хлопцаў.

Пасля матчу карэспандэнту “Твайго стылю” ўдалося трапіць у распранальню гарадзенскай каманды і пагутарыць з гульцамі.

Наступны матч у Лізе Чэмпіёнаў хакеісты “Нёмана” правядуць у Германіі, дзе будуць змагацца ўжо ў Мангейме з мясцовым “Адлерам”. Матч пройдзе 27 жніўня. А чарговы еўракубкавы матч дома “Нёман” правядзе ў нядзелю, 30 жніўня, дзе будзе сустракацца з чэшскім “Вiткавiцэ“.