Новы свет стане элітным кварталам. Ці ўпершыню?
Хуткае з’яўленне ў Новым свеце апарт-гатэлю і элітнага 3-кватэрнага дому апошнім часам абмяркоўваецца ва ўсіх рэгіянальных СМІ. Апарт-гатэль павінен паўстаць у будынку па 17 верасня, 12, неабарочным асабняку, збудаваным яшчэ перад вайной.
Трохкватэрны дом, які зараз будуецца па 17 верасня, 8, з’явіцца на месцы драўлянага мадэрнага будынку пякарні, які згарэў пры загадкавых абставінах у 2009 годзе.
align=”” alt=”Новы свет, Новый свет, архітэктура, Гродна, Гродно, вуліцы, улицы” width=”725″ height=”484″ >
Такім чынам, Новы свет набывае фешанэбельныя рысы ды стае прывабным для гарадзенскіх элітаў. Але ці ўпершыню?
Паў стагоддзя таму ці не самым вядомым жыхаром Новага свету быў Сяргей Прытыцкі, колішні тэрарыст і падпольшчык, а ў далейшым старшыня Прэзідыюма Вярхоўнага Савету БССР.
У доме па 17 верасня, 10 Сяргей Восіпавіч жыў пасля вайны, калі займаў пасаду першага сакратара абкаму КПБ. Зараз будынак падзелены на некалькі кватэраў.
На суседняй вуліцы Рэйманта, у 12-м доме, жыў іншы “абласны начальнік” – Леанід Кляцкоў.
У адрозненні ад Прытыцкага, Кляцкоў усё жыццё ўпэўнена ішоў па наменклатурнай лесвіцы, вяршыняй якой стала тая ж пасада першага сакратара абкаму партыі – губернатара, кажучы сучаснай мовай. У двары будынка да нядаўняга часу яшчэ стаяла будачка ахоўніка. Зараз асабняк належыць “Дому рамёстваў”.
Па дыяганалі ад “дому Кляцкова” знаходзіцца “дом Арцымені”, у якім жыў скандальна вядомы старшыня аблвыканкаму з пачатку 90-х.
Зміцер Арцыменя загінуў тут жа, непадалёк ад дому, ад кулі невядомага ў 1993-м. Па чутках, губернатар стаў ахвярай камерцыйных разборак у стылі “ліхіх 90-х”, а за забойствам стаялі піцерскія бізнэс-эліты. Будынак знаходзіцца ў дагледжаным стане, кажуць, што там надалей жыве ўдава Арцымені.
Ёсць у Новым свеце і сваё “Дваранскае гняздо”. Так гарадзенцы саркастычна называюць будынак у глыбіні саду на Багдановіча, насупраць уваходу у ваенкамат. Двухпавярховы асабняк будаваўся на пачатку 1970-х як дзіцячы садок, але, невядома якім чынам, ператварыўся ў… 4-кватэрны дом для партыйных бонзаў. Сярод іншых, тут жыла і Наталля Пронька, родная сястра Пятра Машэрава, якая была замужам за супрацоўнікам абкаму партыі. Зараз частка ўладальнікаў кватэр змянілася.
Некалькі тыповых дамоў па 17 верасня (12а, 12б), крыху ніжэй за будучым апарт-гатэлем, збудаваныя на мяжы 1950-60-х, таксама належылі гарадскім элітам. Тут жыў загадчык аддзелу аховы здароўя вобласці Гарыенка, дырэктар музпедвучылішча Іваньковіч, а таксама іншыя чыноўнікі гарадскога ды абласнога маштабаў.
Асаблівым шыкам у часы брэжнеўскага “застою” лічылася жыць у сучаснай кватэры, але пры гэтым у старым горадзе. Яскравым прыкладам такой моды можна лічыць колішні элітны дом на Міцкевіча, 11. Шматкватэрны дом з селікатнай цэглы, прызначаны для чыноўнікаў, яскрава вылучаецца сярод драўляных і мураваных дамкоў перадваеннай пабудовы. Цікава, што будынак дагэтуль адзначаны як “дом узорнага парадку і высокай культуры…”
Прыведзенымі прыкладамі толькі з савецкага мінулага “элітная” гісторыя Новага свету, зразумела, не абмяжоўваецца. Разам з тым, хацелася б, каб падчас вяртання раёну элітнага статуса, захоўвалася і атмасфера найбольш ціхага, зялёнага і ўтульнага раёну ў цэнтры са сваімі гістарычнымі адметнасцямі.
Фота Вольгі Мілавай