У пошуках страчанага: Шляхецкі дворык у цэнтры Гродна

Пачнем з таго, што Гродна пачатку ХХ ст. быў горадам кантрастаў. Так як цяпер суседнічаюць стогадовыя камяніцы і сучасныя банкаўскія будынкі са шкла і бетона, так і некалі – каля зусім новых тады дамкоў з жоўтай цэглы стаялі драўляныя шляхецкія асабнякі, якія быццам сышлі са старонак раманаў Генрыка Сянкевіча.

 

Да пажара 1885 г. увесь цэнтр горада амаль суцэльна быў драўляны, але пасля пажара дамоў, зробленых з гэтага прыгожага, але недаўгавечнага матэрыяла, заставалася няшмат. Такія дамы хаваліся ў глыбіні вуліц, каля ручаёў, над абрывамі.

 

За тытунёвай фабрыкай на вуліцы Кляшторнай стаяў дом Ромеляў з садам, над Нёманам, дзе цяпер школа-ліцэй №1, дом палкоўніка Баркоўскага. Аднак самым маляўнічым быў дом на вуліцы Татарскай.

Фота 1915 г. з самалёта. Дом на Татарскай выдзелены карычневым колерам


Упершыню яго заўважыў гісторык Юзаф Ядкоўскі, належным чынам апісаў, замаляваў і нават размясціў малюнак у сваёй манаграфіі “Гродна”, надрукаванай у 1922 г.

 

Малюнак Юзафа Ядкоўскага, 1920 г.

 

Паводле Ядўкоўскага, гэты вялікі дом быў класічным прыкладам шляхецкай сядзібы XVIII, а магчыма і XVII стагоддзя, і быў равеснікам лямуса ў кляштары брыгітак. Высокі дах, крыты дранкай, атынкаваныя драўляныя сцены і ганак такіх шляхецкіх сядзіб натхнілі міжваенных польскіх архітэктараў да стварэння так званага “дварковага стылю”, прыклады якога можна ўбачыць на гродзенскіх вуліцах 17 верасня, Свярдлова, Мядовай. Сядзіба на Татарскай вуліцы акурат і была адным з класічных правобразаў гэтага стылю. 

 

Месцазнаходжанне дома паказана стрэлкай. Сёння гэта тэрыторыя дзіцячага садка за крамай кветак на вул. Баторыя

 

У 1920-х гг. гэты будынак сфатаграфаваў вядомы віленскі фатограф Ян Булгак, які, таксама як і Ю. Ядкоўскі, выдатна адчуваў мясцовы каларыт і добра ведаў гісторыю (на загалоўным фота).

Дом так і не дачакаўся аднаўлення ў міжваенныя гады і згарэў у вогненым смерчы ў ноч на 22 чэрвеня 1941 года. Таксама як і ўсе кварталы вакол Сяннога Рынка. Такіх вось утульных дамоў з прыгожымі дворыкамі ў глыбіні вуліц сучаснаму Гродна хіба не хапае найбольш.