Туры ў Ізраіль і Туніс: візы адмянілі, але попыту няма

16 жніўня стала вядома, што Ізраіль ўсё ж такі вырашыў адмяніць візы для беларусаў.

Рашэнне ўступіць у сілу праз 90 дзён пасля абмену усімі дыпламатычнымі граматамі паміж двума бакамі. Дакладную дату адмены віз пакуль назваць нельга. Тым жа, хто едзе ў Ізраіль на большы тэрмін або плануе застацца там на працу, прыйдзецца атрымліваць асобную візу.

 

Варта адзначыць, што кантроль у аэрапортах Ізраіля вельмі дбайны. Будзьце гатовыя да шматлікіх пытанняў, а таксама да таго, што вас могуць не пусціць у краіну. Ізраіль мае права адмовіць ва ўездзе асобам, чыё знаходжанне лiчыць непажаданым, ці скараціць іх тэрмін знаходжання.


Гарадзенская турфірма “ЧудоСлавия”: “Віза ў Ізраіль цяпер не дарагая, яна каштуе 30 еўра. Але адпачынак у Ізраіле попытам не карыстаецца. Вельмі дарагія туры выходзяць для беларусаў. Самалёты з Мінска не лятаюць. А калі ляцець з Масквы, то тыднёвы тур абыйдзецца ў 2100 даляраў. Варта адзначыць, што нашы жыхары спакойна могуць трапіць у Ізраіль, купіўшы пуцёўку ў танны Егіпет. Турыстаў спакойна прапускаюць на Мёртвае мора”


Другая візавая навіна прыйшла з Туніса.

Цяпер беларусы могуць лятаць у гэтую афрыканскую краіну без віз. На першы погляд – гучная і выдатная навіна, але тыя, хто ездзіў у гэтую краіну, ведаюць, што трапіць на ўзбярэжжа Міжземнага мора па гатоваму туру, віза і не была патрэбна – пускалі і так.

 

МЗС Беларусі пацвердзіла інфармацыю аб адмене візавага рэжыму з Тунісам. Зараз для паездкі ў Туніс неабходны толькі дзеючы нацыянальны пашпарт грамадзяніна Беларусi і праязныя дакументы. Знаходжанне ў Тунісе не павінна перавысіць 90 сутак.

 

Аднак варта нагадаць, што рэжым надзвычайнага становішча ў Тунісе яшчэ не адменены. Пасля двух буйных тэрактаў гэтым летам на тэрыторыі краіны ўлады прымаюць меры па забеспячэнні бяспекі замежных грамадзян, але поўнай абароненасці ніхто не дае. Грамадзянам жа, вырашыўшым на паездку ў Туніс, варта быць асцярожнымі і не наведваць месцы масавага збору людзей.

 

Гарадзенская турфірма “ЧудоСлавия”: “Пасля тэрактаў на поўначы Афрыкі ў гэтую краіну беларусы перасталі ездзіць. Нашы грамадзяне і раней спакойна без візы траплялі ў гэтую краіну. Смельчакі, якія там пабывалі, распавядаюць, што ўсе баяцца туды ехаць. Пляжы пустуюць, акрамя аховы і журналістаў там нікога няма.


Кошты вядома ж ўпалі. Тур з вылетам з Мінска абыйдзецца пары ў 1500 даляраў. З Масквы і Варшавы ў два разы танней – 800 даляраў”.

 

За апошні час тры курортных краіны, якія так любяць беларускія турысты, пацярпелі ад выбухаў рознай сілы. У сталіцы Тайланда, у Бангкоку ад некалькіх выбухаў загінула каля 27 чалавек. У Егіпце ў прыгарадзе Каіра загінуўшых няма, але лік пацярпелых таксама парадку 20 чалавек. Варта адзначыць, што гэта трэці выбух у сталіцы Егіпта за гэтае лета.

 

Прагрымеў выбух у еўрапейскай частцы любімага многімі турыстамі Стамбула – тэрарыст-смяротнік падарваў на сабе бомбу. Але акрамя ўсіх гэтых праблем, у гараджан нашай краіны з’яўляюцца і свае – курс даляра стаў рэзка расці. Дадзеная сітуацыя можа абмежаваць многіх турыстаў ад паездак. 

 

Як адзначаюць самі турыстычныя агенствы, у гэтым годзе спаду на паездкі не назіралася. Гарадзенцы перасталі ездзіць у Крым, але затое больш сталі наведваць Балгарыю з-за зручнага вылету з Гродна. Ну і вядома ж, карысталіся папулярнасцю такія краіны як Турцыя (бязвізавая) і Егіпет (танныя туры). 

 

Фота www.aex.ru