Гарадзенцы могуць падказаць уладам назвы для новых вуліц горада

|

Такое рашэнне прынята ў сувязі са знамянальнай датай – 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Людзі, у гонар якіх плануецца назваць вуліцы, унеслі ўклад у вызваленне Гродна і Гарадзеншчыны або звязалі сваё жыццё з нашым горадам.

 

“Твой стыль” вырашыў пагутарыць з гарадзенцамі і даведацца іх меркаванне з нагоды новых вуліц.


Іван (будаўнік):

 

– Называць трэба вуліцы не толькі героямі Савецкага Саюза, але таксама іншымі, якія праслаўлялі нашы землі ў розныя часы. Я хацеў бы прыбраць назвы Савецкая, Леніна, 17 верасня. Плошчу Савецкую хацелася б перайменаваць у плошчу Стэфана Баторыя. Вуліцу Савецкую – у вуліцу Дамініканскую. Наогул, наш горад павінен мець назвы вуліц Баторыя, Вітаўта, Сфорца, Казіміра, Касцюшка і Каліноўскага, Багдановіча і Быкава і гэтак далей. Вуліцы павінны насіць імёны тых, хто звязаны з нашым горадам і хто яго праславіў сваім імем і сваёй працай.


Мы да гэтага часу прыбываем у СССР. Я разумею, што трэба шанаваць памяць герояў, загінуўшых у баях, але нам насаджаюць і намякаюць, што да 1939 года ў нас гісторыі не было. Жах! З вайны ўжо зрабілі культ, а тым часам герояў Савецкага Саюза давалі яшчэ і тым, хто ў 1939 годзе забіваў нашых гараджан, якія абараняліся ад “вызваліцеляў”.

 

Дзмітрый (студэнт):

– Я думаю, назваць новыя вуліцы ў гонар герояў, якія нарадзіліся ў Гродне альбо актыўна ўдзельнічалі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гродне. А таксама ў гонар імёнаў камандзіраў частак Чырвонай Арміі, якія бралі актыўны ўдзел у вызваленні Гродна 16-24 ліпеня 1944 года.


Маё меркаванне грунтуецца на тым, што ўсе школьнікі павінны з малодшых класаў ведаць гісторыю роднага горада, а таксама тых грамадскіх, культурных дзеячаў, якія ўнеслі значны ўклад у жыццё і развіццё нашага горада. Абавязкова варта звярнуць увагу на падзеі 1941-1944 гадоў у Гродна і больш дэталёва вывучаць і распавядаць гісторыю тых падзей. Назва вуліц – добры спосаб абудзіць цікавасць сярод падрастаючага пакалення маладых гарадзенцаў да гісторыі роднага горада.

Міхаіл (кухар):

– Як ужо дастаў гэты Савецкі Саюз. Я б назваў у гонар беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Напрыклад, Зоські Верас, Васіля Быкава, Барадуліна, Бураўкіна. Яны заслужылі, каб іх імёнамі былі названыя нашы вуліцы.


Савецкія героі таксама заслужылі, але мы жывем у незалежнай краіне з уласнай гісторыяй і культурай, і ў нас поўна сваіх герояў, не толькі з часоў Вялікай Айчыннай Вайны, і тым больш савецкіх. Шмат дзеячаў культуры і мастацтва, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі нашаму народу, незаслужана засталіся забытыя цяперашнім пакаленнем. Назваўшы вуліцы іх імёнамі, мы пакажам сваю падзяку за іх уклад.

Сяргей (юрыст):

  – Калі герояў – то я б Прытыцкага Сяргея выбраў. Вы здзівіцеся, але я б яго і проста так прапанаваў. Па прычыне бесшабашнага гераізму ў імя казачных, утапічных ідэалаў. Але гэта для цэнтра горада. А для Балот і Рэк я б прапанаваў якіх-небудзь калгаснікаў, рыбакоў або садаводаў. Гэта жарт, канешне. Хай бы даведаліся, як народ называў тое ці іншае поле, горку, яр і гэтак далей. I пакінулі б гэтую тапаніміку: “Ляды”, “Балота”, напрыклад.

Яраслаў (мастак):

 

– Я схільны меркаваць, што ўсе імёны савецкіх герояў ўжо занятыя. А для альтэрнатывы патрэбныя варыянты. Думаю, час  прасоўваць гарадскіх герояў і вядомых людзей. Напрыклад, Вітаўта, паспяховых эмігрантаў і гэтак далей.


Свае прапановы наконт назвы вуліц гараджане могуць накіроўваць у аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама або на электронную пошту gikid@tut.by.