Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Мастоўскі раён
З яго “разынкамі” нас знаёміць вядомы філатэліст і краязнаўца Лявон Карповіч.
1. Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей
Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей быў заснаваны ў 1965 г. настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Алесем Мікалаевічам Белакозам (на здымку ніжэй).
Фота: nashaziamlia.org
У музеі 10 экспазіцыйных і выставачная залы, этнаграфічная хата 18 ст.
Фота: Юрась Каласоўскі
Вас здзівіць мноства сапраўды ўнікальных рэчаў.
Так, тут знаходзяцца адзіны ў свеце школьны глобус з надпісамі на беларускай мове, калекцыя падвойных дываноў, мноства лістоў ад славутых людзей Беларусі і кніг з аўтографамі класікаў беларускай літаратуры, зала народнай медыцыны, дзе даведаецеся аб гаючых уласцівасцях крэменю…
2. Луна. Касцёл Святой Ганны
“…З пад Нёмна блакітнага, з ціхага двара, з цені белых акацый” заслуханая ў “ хоры птушыныя і касцёлік вясковы, прыгожы як цацка з эпохі рэнесансу, а што вечар найпрыгажэй граюць на Анёла Паньскага,”- піша Эліза Ажэшка з Луна, дзе праводзіла лета ў 1902г.
Нібы гняздо птушкі Лунь, над Нёмнам, там, дзе ўліваецца ў яго імклівая рачулка Лунянка, размясцілася мястэчка Луна. Мястэчка Наднёманскіх легендаў.
На ахвяраванні каралевы Боны Сфорца ў 1531г. у Луна быў пабудаваны драўляны касцёл, а магчыма ён існаваў і раней.
Наведваючы свае ўладанні каралева “часта ў гэты касцёлік захадзіла”. Гэта яна прывезла з Італіі відэльцы дагэтуль невядомыя нашым продкам. Да цяперашняга часу каля касцельнай агароджы ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта каралеўскімі ручкамі Бона заклала ў фундамент таго касцёлу.
Інтэр’ер касцёла ўпрыгожваюць 7 драўляных алтароў. Прыцягвае ўвагу алтар Святога Антона Падаўскага і ў другім алтару- абраз Маткі Божай з Дзіцяткам у пазалочанай сукенцы.
Фота: К. Шастоўскі
Людская памяць пераказвае легенду, як бы перад гэтым абразом бралі шлюб Ян і Цэцылія – першыя з Багатырэвічаў…
Аб гісторыі Луна можна даведацца, прайшоўшы па турыстычнаму маршруту, распрацаванаму мясцовымі краязнаўцамі, “Луна – мястэчка Наднёманскіх легендаў” і наведаўшы цікавы музей у Луненскай школе.
3. Вёска Мінявічы. Магіла 40 паўстанцаў
“У глыбіні, над цёмнай каланадай пераплеценых голлем елак, ахінуты іхнім ценем, узвышаўся невялікі пагорак, даўгаваты і з такімі схіламі, падобны не то на вал, не то на курган, відаць, калісьці насыпаны рукамі людзей, і як уся гэта паляна, зарослы няроўнымі гарбатымі кусцікамі травы.
Ян моўчкі пагорак гэты Юстыне паказаў, яна таксама моўчкі кіўнула галавой; знала, што гэта сумесная магіла.
– Колькі? – ціха запытала. Сорак – адказаў…”- так апісвае Эліза Ажэшка месца пахавання 40 паўстанцаў у лесе ля Мінявіч.
Тут, па яе версіі, пахаваны і Андрэй Карчынскі—прататыпам якога стаў Ян Каменскі. Але Ян Каменскі выжыў і пахаваны ён на парафіяльных могілках у Луна.
Побач – Багатырэвічы і знакамітая легендарная магіла Яна і Цэцыліі.
Фота: Andrzej Kłopotowski, www.kierunekwschod.blox.pl
Вёска Мінявічы, ля якой знаходзіцца крыж 40 паўстанцам – радзіма “невядомага” паэта Міхася Явара.
Захавалася хатка, у якой ён жыў, а на беразе Нёмна ляжыць вялікі камень з надпісам: “Марам Міхася Явара”.
4. Масты. Самы доўгі падвясны пешаходны мост ў Беларусі
Фота Леаніда Шчаглова
У горадзе Масты можна прагуляцца па самым доўгім – 193 метра – падвеснаму пешаходнаму масту ў Беларусі.
Фота: viktardzerkach.livejournal.com
Гісторыю сваю ён вядзе з 1972 года, калі быў пабудаваны для сувязі дзвюх частак горада, падзеленых ракой Нёман— старажытным водным шляхам “крамянёвым”, “бурштынавым” і “з варагаў у грэкі”.
5. Вёска Шымкі: Помнік- мемарыял “Партызанская зямлянка”
У Вялікую Айчынную вайну ў Ліпічанскай пушчы знаходзілі хованку партызанскія атрады.
Тут знаходзіўся партызанскі шпіталь. Да нашых дзён паблізу вёскі Шымкі захавалася адна з зямлянак. Падчас адной з карных аперацый вёска Шымкі была дашчэнту спалена.
Па паказальніках лёгка знайсці Свята-Траецкую крыніцу.
Вада ў крыніцы дзіўна чыстая, не замярзае нават у самыя лютыя маразы. Недалёка ад крыніцы захаваліся рэшткі старой дзягцярні.
Чытай таксама:
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Астравецкі раён
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Ваўкавыскі раён