Фотафакт: 100 метраў кабелю “згубіліся” на дне Нёмана
Гісторыя з кабелем наўрад ці “выйшла на паверхню”, каб не сёлетняе крытычнае абмяленне Нёмана. І па той, і па іншы бок ракі кабель меўся выходзіць з-пад зямлі ніжэй узроўню вады, але…
Зараз абрэзаны кавалак кабеля, які тырчыць з-пад зямлі паміж БІПам і ратавальнай станцыяй, асабліва не заўважны. Проста металічная трубка з падагнутымі канцамі, якая глядзіць на супрацьлеглы бок Нёмана. Не ведаеш – дык і не скажаш.
На іншым баку, на вул. Леванабярэжнай, усё куды больш красамоўна. Каля 5-6 метраў кабеля выразна вырастае з берага і…губляецца ў вадзе. Пра тое, што кабель той самы, што і па тым баку, сведчаць і таўшчыня, і становішча: адзін насупраць другога.
Падобны кабель запраста можа належыць вайскоўцам і апынуцца, напрыклад, кабелем сувязі, які вядзе ў бок Пагранатраду на вул. Антонава. У 2008 годзе на беразе Нёмана ў гэтым месцы ішлі актыўныя земляныя працы: тады кабель і маглі пракласці. Разам з тым, гэта толькі здагадкі, рэдакцыя ТС тут нічога не сцвярджае.
Але ў любым выпадку, 100 метраў кабеля, якія целепаюцца па дне Нёмана – гэта, па-першае, безгаспадарлівасць (100 метраў як мінімум 5-жыльнага кабеля штосьці ды каштуюць), па-другое – засмечванне навакольнага асяроддзя. Бо нават калі кабель не выкарыстоўваецца і быў з гэтай прычыны абрэзаны, рэшткі варта было б прыбраць тым, на чыім балансе ён знаходзіўся.
Фота Вольгі Мілавай