У верасні ў Гродне адкрыецца першы квэст-рум
Квэст-рум гэта ўжо вядомая ва ўсім свеце, але новая для нашага горада забава. Такая інтэрактыўная гульня ўжо поўным ходам набірае абароты ў Беларусі. Сутнасць заключаецца ў тым, што каманда з 2-4 чалавек прымае ўдзел у гульні па вызначаным сцэнары. Гульцы трапляюць у атмасфернае месца з рэальнымі рэчамі, якія знаходзяцца ў пакоі не проста так. У кожнага артэфакта ёсць сэнс, у кожным ёсць загадка. Каманда апынаецца за зачыненымі дзвярыма пакоя i мае 60 хвілін каб выбрацца. Каб гэта зрабіць прыйдзецца знаходзіць схованкі і розныя механізмы, чытаць між радкоў, праяўляць кемлівасць і быць уважлівым да дэталяў.
Кожнаму ўдзельніку квэста арганізатары гарантуюць незабыўную прыгоду і цэлую гаму эмоцый. Пакой арыентаваны на моладзь ад 16 гадоў і, зыходзячы з практыкі іншых квэст-румаў, не мае абмежаванняў па ўзросце, таму арганізатары чакаюць усіх, каму цікава “паварушыць” мазгамі і атрымаць зарад адрэналіну.
Прыкладны выгляд аднаго з квэст-румаў, chelyabinsk.gilmon.ru
Хлопцы адзначаюць, што гульня абсалютна бяспечная. На працягу ўсяго квэста за гульцамі праз камеры відэаназірання сочыць аператар, звязацца з ім можна будзе па рацыі.
– Квэст-рум – гэта навінка для нашага горада, шматлікім гарадзенцам надакучылі дыскатэкі і бары, людзі чакаюць новых забаў і эмоцый. А квэст-рум гэта выдатнае баўленне часу для самых розных кампаній, – адзначае Яўген, адзін з арганізатараў.
Усяго арганізатараў тры чалавекі: аднакурснікі Арцём, Сяргей і Яўген. Сяргей кінуў пасаду ў банку дзеля працы над квэстам, Арцём сумяшчае працу над гульнёй з сямейным бізнесам, а Жэня працуе бармэнам. Кожны з хлопцаў мае свае погляды і меркаванні, і ад гэтага ідэй для гульні атрымліваецца нашмат больш.
Афіцыйнае адкрыццё плануецца ў другой палове верасня.
Зараз праходзяць тэставыя гульні і вядзецца праца над сайтам, які да канца тыдня павінен працаваць. Асноўны запіс будзе праходзіць на сайце, але можна забраніраваць час і па тэлефоне.