У Гродне нікому непатрэбны раяль раптоўна стаў гістарычнай каштоўнасцю

Стары раяль стаіць у гарадзенскай школе мастацтваў (былой музычнай школе №3) ужо 11 гадоў. Ад вывазу на сметнік яго выратаваў былы дырэктар Георгій Шэмет. Менавіта ён прывёз у сваю навучальную ўстанову стары інструмент. Доўгі час ён стаяў у кавярні “Эпалет”, але са зменай уладальніка перастаў быць патрэбным.

 

У жніўні 2015 года ў школу прыехала планавая праверка і пры вопісе інструментаў выявіла стары раяль, на якім доўга спрабавалі расшыфраваць надпіс. Аказалася, што раялю фірмы “Стэйнвейнг” больш за сто гадоў. Вывучаць інструмент прыязджалі мінскія і мазырскія спецыялісты. Пасля даследавання да інструменту ўжо не падыйсці: кабінет, у якім ён стаіць, апячатаны мінскімі экспертамі.

Раялі “Стэйнвейнг” выпускаліся да вайны і іх на дадзены момант вельмі мала. Але ёсць думка што гэта  раяль вядомай фiрмы Steinway, якая была  заснаваная ў канцы XIX стагоддзя. Гэта на сённяшні дзень лепшая фiрма, якія не мае аналагаў па выпуску музычных інструментаў. Яны стаяць у лепшых залах свету, іх кошт – каля 150 тысяч долараў. Вытворчасць раяля ўключае вытрымліванне дзесяцігоддзямі драўніны для корпуса і дэкі, а таксама двухгадовы цыкл будаўніцтва, на 95% ручная работа. 

Каб больш даведацца пра музычны інструмент, мы звязаліся з гарадзенскім наладчыкам, які пачынаў рэканструкцыю старога раяля.


– Безумоўна інструмент стары, але не ўнікальны. У нас у горадзе вельмі шмат падобных, якім больш за сто гадоў. А з гэтага ўзялі і зрабілі вялікую навіну. Разумею, калі б Максім Багдановіч на ім іграў, то іншая справа. А так узяліся за забыты раяль. Калі б не былы дырэктар, то гэты інструмент даўно б валяўся на сметніку.

 

На дадзены момант раяль вывучаюць, што будзе з ім у будучыні пакуль невядома. Але супрацоўнікі школы спадзяюцца, што інструмент так і застанецца ў іх навучальнай установе.

 

Першае фота – ілюстрацыйнае, brightwallpapers.com