Прытулак для жывёл пасля пажару: праца ідзе поўным ходам, патрэбныя яшчэ рукі

|

Як справы ў прытулку?

 

Са слоў валанцёраў на дадзены момант засталося завяршыць усе задумкі, якія былі пачаты. Працы яшчэ шмат, але ўжо зрабiлi дах, хутка будзе гатова сцяна будынка. Пабудаваны два вальеры, яшчэ тры пачалі рабіць. Вырашаюцца пытанні з праводкай. Таксама пачаўся рамонт у самым доме.

 

Што з сабакамі?

 

Амаль усе сабакі прыехалі ў прытулак, засталіся два, якія яшчэ на ператрымцы. Пакуль разгорнута будаўніцтва, два крылы прытулку зачыненыя і сабакі знаходзяцца ў цеснаце. Нягледзячы на пажар і будоўлю, за мінулы тыдзень валанцёры прынялі двух падбітых сабак, трох падкінутых шчанюкоў і аднаго сабаку якога вярнулi. У хуткім часе ў прытулак павінны паступіць яшчэ тры сабакі. Валанцёры адзначаюць, што будоўлю неабходна скончыць як мага хутчэй, бо з-за вялікай колькасці жывёл на маленькай плошчы пачынаюцца бойкі.

 

Што неабходна?

 

Валанцёры адзначаюць, што ў першую чаргу ім неабходныя працоўныя рукі. На дадзеным этапе патрэбна дапамога ў будоўлі, а таксама ў часовай ператрымцы сабак.

 

“Твой стыль” звязаўся з людзьмі, якія ў цяжкі час далі прытулак бяздомным жывёлам. Яны бралі сабак на ператрымку, але праз некалькі дзён тыя сталі новымі членамі сям’і. Цяпер расставацца з імі ніхто не збіраецца.


Таццяна:


– Адразу пасля пажару мой хлопец вырашыў дапамагчы прытулку. Ён паехаў і хацеў узяць французскага бульдога. Але пры сустрэчы яны не пасябравалі. Ужо пасля яму парэкамендавалі ўзяць шчанюка па мянушцы Чэлсі. Ён не раздумваючы узяў і прывёз яго дадому. Для мяне гэта быў вялікі сюрпрыз. Я не паспела ўстаць з ложка, як маленькі шчанюк палез да мяне. У той момант я зразумела, што гэта каханне з першага погляду. Мянушку шчанюку змянілі, цяпер яна ў нас Рама і мы вельмі шчаслівыя.


Альгуня:


– З нашым сабакам атрымалася усё вельмі забаўна. Калі я, даведаўшыся пра пажар у прытулку, патэлефанавала валанцёрам, аказалася, што маленькіх сабак і шчанюкоў ужо не засталося. Але былі тыя, каму была патрэбна дапамога. Да нас прыехала Кася – дастаткова вялікі ўжо сабака. Яна гадзіну глядзела кудысьці ў кут і не рэагавала на нас. Я вырашыла, што яна пабудзе ў нас некалькі дзён, а потым паедзе зноў ў прытулак.

align=”” alt=”прытулак сабакі приют для животных Гродно преданное сердце” >

Спачатку яна мне не спадабалася – занадта ціхая, занадта ўсяго баіцца, занадта вялікая. Але з кожным днём яна раскрывалася – аказался, што Кася ўмее ўсміхацца і вельмі смешна акругляе вочы. Я адцягвала той момант, калі трэба будзе вяртаць яе. А ў прытулку валанцёры падумалі, што мы згубілі сабаку, таму так доўга не тэлефануем. Калі высвятлілася, што сабака застаецца ў нас жыць, усе доўга смяяліся.

 

Сабак у прытулку яшчэ шмат, магчыма і ў вас можа з’явіцца новы сябар, спяшайцеся!

 

Штодня з 17.00 да 22.00 у прытулку вядуцца будаўнічыя працы. Усе жадаючыя могуць далучыцца. Больш інфармацыі можна атрымаць у групе Вконтакте.