Гродна ў верасні 1915: горад на фотаздымах нямецкіх салдат (24 фота)

2 і 3 верасня 1915 года ішлі не асабліва зацятыя, але крывавыя баі за горад-крэпасць Гродна, які да таго чаго расійскае камандаванне перастала лічыць крэпасцю і збольшага эвакуявала. Некалькі палкоў аднак засталіся ў ваколіцах і ранкам 3 верасня нават контратакавалі прыснулых у цёплых дамах немцаў. Тыя панеслі адчувальныя страты, але хутка арганізаваліся і канчаткова высціснулі з горада расійскую армію. Яшчэ некалькі тыдняў Гродна заставаўся прыфрантавым горадам з тысячамі ваенапалонных, параненымі, бежанцамі.

 

Нямецкія афіцэры з захапленнем кінуліся фатаграфаваць усходнеўрапейскі горад. Іх цікавіла ўсё – і ўмацаванні Гродзенскай крэпасці, і яўрэйскія гандляры на Сенным рынку і праваслаўныя саборы. Таму ўжо вельмі хутка ў Германію пацякла цэлая плынь паштовак-фотаздымкаў з немцамі на фоне гродзенскіх будынкаў, або проста будынкаў з пазначанымі крыжыкам вокнамі. Так нямецкія вайскоўцы пазначалі кватэры, дзе яны спыніліся на пастой пасля бітвы за Гродна.

 

Дзякуючы гэтым фотаздымкам можна дакладна ўявіць як выглядаў Гродна роўна сто гадоў таму – у першы тыдзень нямецкай акупацыі.

 

Досыць унікальны не пастановачны здымак як немцы абстрэльваюць расійскія войскі на правым беразе Нёмана. Гэта самы пачатак пераправы праз раку. 2 верасня 1915 г.

 

Нямецкія санітарныя калоны рухаюцца ў бок Гродна. Мясцовых бежанцаў на худых конях спіхнулі на ўзбочыну. Хай чакаюць сваёй чаргі. 6 верасня 1915 г.

 

Нямецкі афіцэр сярод забітых расійскіх салдат на форце 4 Гродзенскай крэпасці. 3 верасня 1915 г.

 

У ваколіцах Гродна яшчэ ляжаць забітыя расійскія і нямецкія салдаты. На фота сучасная вуліца Дзяржынскага. Ніжэй – сучасны ваенны шпіталь. 7 верасня 1915 г.

 

Вайсковая нямецкая калона на вуліцы Ажэшкі. Бачна тэлеграфны слуп, зрэзаны снарадам падчас баёў 3 верасня.

 

Від на ўжо заняты немцамі Гродна. 9 гадзін раніцы 5 верасня 1915 г.

 

Ранак 5 верасня 1915 г. Немцы ўжо пабудавалі праз Нёман дзве пераправы. Трэба наступаць далей а масты ўзарваныя расійскай арміяй.

 

Першае паседжанне гарадскога савета, створанага немцамі адразу пасля акупацыі ў будынку па сучасным адрасе Савецкая 8. Са сцяны на прадстаўнікоў новай улады глядзяць Эліза Ажэшка і Пётр Сталыпін. 6 верасня 1915 г.

 

Нямецкая ахова гарадскога савета ў былым будынку гродзенскай паліцыі. Добра было б сёння аднавіць гэтую браму. 8 верасня 1915 г.

 

Паезуіцкі касцёл. Нямецкі афіцэр напісаў, што адступаючыя расійскія войскі хацелі вывезці званы з касцёла, таму ў вежы нават бачная лесвіца. 4 верасня 1915 г.

 

Істотныя страты панеслі нямецкія войскі падчас расійскай контратакі на вакзал, які ў час бою згарэў. Нямецкія магілы на вакзале. 5 верасня 1915 г.

 

Немцы зачапіліся за адзін канец вуліцы Ажэшкі, расійцы – за вакзал. Таму досыць моцна пацярпеў будынак які стаяў у канцы вуліцы каля паварота ў бок чыгуначнага вакзала. 5 верасня 1915 г.

 

Нямецкія салдаты ўпершыню за шмат дзён адпачываюць пад дахам. Палац Радзівілаў на сучаснай Савецкай плошчы. 8 верасня 1915 г.

 

Расійскія ваеннапалонныя на скрыжаванні вуліц Замкавая і Давыда Гарадзенскага. Выгляд у іх не асабліва сумны бо вайна для іх скончылася. Аднак іх чакаюць пакуты галодных нямецкіх лагераў. 8 верасня 1915 г.

 

Як бачым з матарызацыяй у немцаў былі вялікія праблемы. Таму і не дабеглі яны да Парыжа ў жніўні 1914 г. Нямецкая калона на Замкавай вуліцы. 7 верасня 1915 г.

 

Гродна штурмавалі нямецкія ландверныя часткі – прызыўнікі з рэзерва далёка не маладога ўзросту. Таму і выгляд у іх не асабліва баявы. Ды і сотні кіламетраў прыходзілася праходзіць пешшу. 7 верасня 1915 г. Вуліца Савецкая.

 

Расійцы ўзарвалі масты яшчэ 2 верасня. З тых пор гэтыя масты ў ХХ стагоддзі ўзрывалі яшчэ ў 1920, 1941, 1944 гг.

 

Былыя расійскія казармы па вуліцы Маставой. Расійскія салдаты арганізавалі там імправізаваную абарону а немцы абстрэльвалі іх 2 верасня з гармат праз Нёман.

 

Той самы будынак, толькі знутры. 5 верасня 1915 г.

 

А вось тут нямецкія параненыя ідуць у тыл па Савецкай вуліцы. 8 верасня 1915 г.

 

Расійскія ўмацаваныя пазіцыі на форце №4 Гродзенскай крэпасці. Немцы занялі форт пасля жорсткага бою. Навокал ляжаць дзясяткі забітых нямецкіх і расійскіх салдат. 8 верасня 1915 г.

 

Самая вялікая архітэктурная страта тых дзён – спалены палац Тызенгаўза. Немцы паспелі ўбачыць яго яшчэ цэлым, але ранкам 3 верасня пад час расійскай контратакі палац спалілі.