Гарадзенцы на прыпынку пра візіт Мядзведзева: “Які кашмар, навошта ён прыехаў?”

|

Жанчына, якая паставіла суп на пліту, не магла проста перайсці дарогу на працягу 20 хвілін. Увесь гэты час яна знаходзілася на прыпынку з гарадзенцамі, якія не маглі дачакацца аўтобусаў і тралейбусаў. “Які кашмар, навошта ён прыехаў, у мяне ж суп на пліце. Што цяпер будзе…”, – хвалявалася кабета.

 

Мужчына гадоў сарака, відавочна спазняўся на працу: “Ну навошта ладзіць гэтую паказуху. Мы ж таксама людзі, у нас ёсць праца. А потым пішы незразумелую тлумачальную. Дурдом. Мясцовы прагіб”.

 

Таксама за паўгадзіны праведзеныя на прыпынку, жыхары паспелі пагаварыць і пра выбары. Бабуля, якая ледзь стаяла на нагах: “Мы не заслужылі добрага жыцця. Заўсёды так было і будзе. На выбары я не пайду, хай нават не просяць. Маглі ж пусціць хоць адзін аўтобус, людзі ж мучаюцца”.

 

У Twitter карыстальніца Asya Warner напісала, што рух аднавіўся каля 12.05. Да таго часу “раён чыгуначнага вакзалу вымер, дабрацца кудысьці – на мяжы фантастыкі”. Па яе словах, самае смешнае, што большасць людзей  на яе прыпынку нават і не ў курсе, што адбываецца.

 

Праблемы былі і ва ўладальнікаў прыватных аўто.

 

 

У Вконтакте гарадзенец Уладзімір задаецца пытаннем: “Як так, чаму з-за аднаго чалавека мусіць пакутваць 300-тысячны горад?”. Яму паўжартам адказвае Аркадзь: “Гэта таксама, як з-за аднаго 10 мільёнаў чалавек”.