Гісторыі з лета: Малады гарадзенец уключаецца ў працэс рэабілітацыі і знаёміцца з казлом Сямёнам

|

Чытайце раней: Частка І. Як гарадзенец Альберт трапіў у праваслаўны рэабілітацыйны цэнтр

 

…Суседзі па келлі апынуліся вельмі прыязнымі і спагаднымі хлопцамі. Адказалі на некаторыя мае пытанні, патлумачылі, што, дзе знаходзіцца. Аднаго з гэтых хлопцаў звалі Дзіма, ён быў старастамі. Першы час я да яго звяртаўся за дапамогай. Мы адразу з ім знайшлі агульную мову.

 

Мне паведамілі, што ў мяне будзе два дні на адаптацыю і я магу не хадзіць на заняткі і прымаць удзел у жыцці цэнтра. Мне гэта здалося сумным, і я адразу ўліўся ў працэс.

 

Раніца пачыналася з валейбола і малітвы

 

Пад’ём ранні, у шэсць раніцы, праз дзесяць хвілін гульня ў валейбол на пляцоўцы, якая знаходзілася на месцы школьнага стадыёна. Затым ішла малітва, ранішні туалет, сняданак і пасля ўборка ў келлях перад заняткамі. Праз пару дзён мы з суседзямі так ліха прыстасаваліся рабіць уборку, што паспявалі яе зрабіць у час ранішняга туалету, а ў вызваліўшыся час маглі дазволіць сабе пісаць працы, якія давалі нарколаг і псіхолаг на занятках.

 

У дзевяць раніцы ў нас праходзілі ранішнія разважанні, затым з дзесяці да гадзіны праходзіла працатэрапія. Нам казалі план на кожны дзень і мы выконвалі розныя працы.

 

Сярод спецыялістаў – былыя наркаманы і алкаголікі

 

Першы час я дапамагаў на будоўлі – заліваў бетон, сартаваў дошкі. А праз пару дзён я папрасіўся на гаспадарчы двор, акурат аднаму з хлопцаў спатрэбілася дапамога там. Я карміў трусаў, парсючкоў, качанят, куранят, даіў коз і выводзіў іх у поле пасвіцца.

 

На гаспадарчым двары я пазнаёміўся з казлом Сямёнам, з якім у мяне былі падобныя інтарэсы – у нас з ім былі вялікія доўгія бароды. Пасля працатэрапіі ішоў час паслушэнства – рэабiлiтанты праводзілі ўборку ва ўсім цэнтры. Адразу пасля ішоў абед, потым пачыналіся заняткі са спецыялістамі.

 

Спецыялістамі былі загадчык наркалагічнага аддзялення, ён сам быў былым наркаманам, псіхолаг, дасведчаная і сімпатычная дзяўчына гадоў дваццаці сямі, якая таксама працавала па праграме “Дванаццаці крокаў”, а яшчэ святар і памочнік дырэктара, якія ў мінулым былі алкаголікамі.

 

Перад адбоем – гутаркі за кавай з казіным малаком

 

На занятках я з задавальненнем праводзіў час, хоць і лічыў сябе здаровым. Было вельмі цікава і займальна. Увесь час, на толькі цягам заняткаў, было цікава, што ж будзе далей. Пасля заняткаў мы вячэралі, а пасля малітвы ў нас праходзілі вячэрнія разважанні у групах ананімных алкаголікаў, скарочана “АА”.

 

У групах “АА” мы чыталі дзённікі алкаголікаў і наркаманаў, а пасля выказваліся. З паловы дзясятай вечара і да адбою, да адзінаццаці гадзін, мелі вольны час, каб пісаць працу, прыняць душ, папіць чаю, пасядзець і пагутарыць з хлопцамі на розныя тэмы ў трапезнай і курыльні. Мы распавядалі адзін аднаму розныя гісторыі з жыцця, жартавалі, дапамагалі адзін аднаму ў напісанні прац і дзяліліся пачастункамі, папіваючы гарбату з варэннем ці каву з казіным малаком.


Працяг будзе.