Футбольны Нёман: Чаму сышоў Соро і што будзе далей?
Камерунец апынуўся ў Гродне перад стартам цяперашняга сезону. За 15 праведзеных гульняў у складзе жоўта-зялёных, Соро здолеў вызначыцца ўсяго 2 разы.
Паўабаронца распавёў “Прессболу” аб прычынах, якія прымусілі яго пакінуць “Нёман”:
– Мне проста хочацца бачыць сям’ю. У апошні час тэлефануеш дадому – сын адразу пачынае плакаць… Проста сэрца разрываецца. Ну што мы бачымся? Раз у год яны сюды прыязджаюць – і потым я дадому ў снежні. Моцна па мне сумуюць родныя. І я вырашыў да іх вярнуцца. Хачу проста адпачыць. Але, вядома, і трэніравацца буду, падтрымліваць форму да зімы. А там пагляджу.
Гуляць на радзіме асаблівага жадання няма. Не выключана, вярнуся ў Беларусь – калі знайду каманду. Або знайду працу ў іншай еўрапейскай краіне. Фінансавая сітуацыя ў “Нёмане”? Так, з гэтым няпроста, як і ў многіх іншых беларускіх клубаў. Але галоўнае не грошы. Я цалкам мог чакаць пагашэння запазычанасцяў хоць да канца сезона – не ўпершыню. Але зразумейце, у першую чаргу маё рашэнне ідзе ад душы, якая не на месцы. А рассталіся мы вельмі спакойна, – распавёў Соро.
Можа быць, справа ўсё ж не ў сям’і, а ў фінансах? Па інфармацыі “Твайго стылю” сярэдняя зарплата ў футбалістаў “Нёмана” на дадзены момант складае 6,5 мільёнаў рублёў. Нармальны легіянер не стане гуляць за падобныя грошы. Вялікая верагоднасць таго, што ў хуткім часе клуб пакіне і нігерыйскі паўабаронца Бебе.
Па чутках, у наступным сезоне ў Гродне не будзе легіянераў. Як і планавалася раней, клуб будзе рабіць упор толькі на сваіх выхаванцаў. Таксама ў планах “Нёмана” вярнуць гарадзенцаў, якія гуляюць у іншых камандах.
Зусім нядаўна стала вядома, што клуб разлічыўся з латвійскім нападаючым Гіртсам Карлсансам па запазычанасці за 2014 год. Сам гулец распавёў, што адправіў ліст у УЕФА. Ці рушаць услед санкцыі БФФ пакуль невядома.
Пасля невялікай міжнароднай паўзы аднаўляецца i чэмпіянат Беларусі. У нядзелю 13 верасня жоўта-зялёныя правядуць чарговы тур. У Жодзіне “Нёман” будзе сустракацца з мясцовым “Тарпеда-БелАЗ”.
Фота fcneman.by