“Гродна – гэта малая Вавілонская вежа”: У “Крызе” прэзентавалі “Гарадзенскі соцыум”

Адзіная канферэнцыя без ідэалагічнага кантролю

 

“Гарадзенскі соцыум” – ужо сёмы зборнік, які выходзіць па матэрыялах навуковых канферэнцый. Першыя пяць нумароў называліся “Гарадзенскі палімсест”. Апошні том расказвае пра штодзённае жыццё чалавека – крымінальны свет, харчаванне, гумар.

“Гарадзенскі соцыум” закранае розны час – ад Сярэднявечча да сучаснасці, і розныя тэрыторыі. У зборніку разглядаецца цэлы рэгіён цэнтральна-усходняй Еўропы – Гродна, Вільня, Мінск, Чарнігаў. Рэдактары зборніка – Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч – адзначылі багацце тэматыкі і асобаў, які прадстаўлены ў кнізе.

 

Як адзначаюць гісторыкі, “Гарадзенскі соцыум” гэта адзіная ў Беларусі канферэнцыя без ідэалагічнага кантролю. Менавіта на гэтых канферэнцыях упершыню прагучалі даклады на тэму міжваеннага Гродна, калі горад быў у складзе Польшчы.

 

Навошта гісторыя звычайнаму чалавеку?

 

– Веды ўплываюць на гараджаніна, у тым ліку і на прадстаўнікоў улады, – кажа гісторык Андрэй Вашкевіч. – Апошнія год-два бачныя відавочныя пазітыўныя змены ў стаўленні да гістарычнай спадчыны, напрыклад? вельмі добра аднавілі кірху, досыць шмат будынкаў па горадзе. Гэта я звязваю ў тым ліку і з накпленнем крытычнай масы гістарычных ведаў усімі гродзенцамі.


І мы асабіста нечым памаглі – напрыклад? сабралі матэрыял для аднаўлення трохпавяховага будынка на Дамініканскай. Раней была хрушчоўка а цяпер выглядае амаль як сто год таму.


Часта даводзіцца рэагаваць як вартавы сабака. Калі ты даведваешся, што нейкі будынак заўтра знясуць, адразу пачынаеш шукаць доказы, што ён мае гістарычную каштоўнасць. Тады знесці яго становіцца цяжэй. Але ўсё часцей бачу, што стаўленне да спадчыны паляпшаецца, працэс захавання ідзе і без нас. 

Вашкевіч знайшоў і іншае практычнае прымяненне гісторыі: ён напісаў артыкул пра “смакі” старога Гродна. У артыкуле ён расказвае пра даўнія рэстараны, іх меню, і нават дае некаторыя рэцэпты. Гісторык расказаў, што адна гарадзенская установа, магчыма, возьмецца за адраджэнне старых рэцэптаў.

 

Гісторыкі зазначылі, што Гродна зараз – найлепш вывучаны горад Беларусі. Пра якасць і віды гістарычнай літаратуры часам спрачаюцца, але яе хапае. Толькі вось малады гарадзенец Павел, які прыйшоў на канферэнцыю, заявіў: моладзі з яе кліпавым уяўленнем нецікава чытаць падобныя кнігі. Маўляў, для моладзі трэба пісаць пасты у Facebook і пабліку Укантакце “Типичный Гродненец”. Гісторыкі адказалі, што немагчыма адначасова глыбока вывучаць гісторыю і быць папулярызатарам. Для папулярызацыі гісторыі патрэбная актыўнасць пісьменнікаў і журналістаў.

 

Гісторыкі падзеленыя, а ў гарадзенцаў кепская памяць

 

У кожнага гісторыка знайшлася свая “балючая” тэма: драўляная архітэктура, вусная гісторыя, Фарныя могілкі, візуальная мапа горада. Алесь Пагарэлы прапанаваў даследаваць “вобраз” горада, гарадскія міфы. А калі іх не знойдзецца, можна проста стварыць. Аўтары зборніка параўновалі Гродна з малой Вавілонскай вежай, адзначаючы шматнацыянальнасць і шматкультурнасць.   

На дыскусіі шмат казалі пра падзеленасць гарадзенскіх гісторыкаў і адсутнасць пераемнасці. Акрамя таго, што, як сказаў Алесь Смалянчук, гісторыкі гэта вялікія індывідуальнасці, іх яшчэ дадаткова падзяляе ўлада. Выкладчыкі з гістфака не прыходзяць на канферэнцыю з-за страху звальнення. А якасць адукацыі ГрДУ не дазваляе выхаваць добрага гісторыка. Асабліва перажываюць гісторыкі з-за знішчэння кафедры археалогіі.

Скончылася дыскусія песімістычнай заявай, што ў гарадзенцаў дрэнная памяць. Аказваецца, Сквер сяброўства, які пасадзілі летась у Каложскім парку, ужо садзілі на вуліцы Маставой 15 год таму. Але дрэвы выраслі, шыльдачкі згубіліся, а гарадзенцы маюць новы сквер, дрэвы ў якім сохнуць.

 

Чарговая канферэнцыя “Гарадзенскі соцыум” адбудзецца ў лістападзе 2015 года. Арганізатары запрашаюць да ўдзелу ўсіх жадаючых.

 


 

Фота: Ян Лялевіч