13 верасня – Дзень нараджэння ў чалавека, які будучы дарослым, працягвае гуляць з лялькамі

|

Рэжысёр “містычнага кірунку” – лаўрэат і дыпламант разнастайных міжнародных фестываляў, якога ведаюць далёка за межамі нашай краіны.

 

Алег Жугжда нарадзіўся 13 верасня 1961 года ў Вільне. Апошнія 15 гадоў яго лёс цесна звязаны з Гродна: з 2001 па 2003 Алег Алегавіч быў мастацкім кіраўніком Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, а з 2004 з’яўляецца галоўным рэжысёрам Гродзенскага абласнога тэатра лялек, з якім супрацоўнічаў з 2000-га.

 

Акрамя Гродзенскага абласнога тэатра лялек, Алег Алегавіч ставіць спектаклі і ў іншых тэатрах, прычым не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне, Польшчы, Балгарыі, Славакіі, Літве. 

 

Алег Жугжда ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2011 г.), з’яўляецца уладальнікам прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крышталёвы анёл” – “За ўклад у развіццё беларускага тэатра лялек” (2008 г.) і Прэміі імя Аляксандра Дубко абласнога выканаўчага камітэта як “Рэжысёр года” (2012 г.).

У Гродзенскім тэатры лялек ён паставіў такія спектаклі як “Трагедыя аб Макбет”, “Сон у летнюю ноч”, “Зімовая казка” У.Шэкспіра; “Коткін Дом” С.Маршака, “Чырвоная Шапачка” (опера П.Кандрусевіча), “Прыгажуня і Пачвара”, “Неверагодны ілюзіён”, “Чароўны пярсцёнак”, “Паэма без слоў” па матывах Янкі Купалы, “Шлях да Батлеема” С.Кавалёва, “Сапраўдная гісторыя Дзюймовачкі”, “Магічнае люстэрка пана Твардоўскага”, “Сонейка і снежныя чалавечкі”, “Пікавая дама” (па матывах аповесці А.С.Пушкіна і оперы П.І.Чайкоўскага), “Вій. Страшная помста” па матывах Н.Гогаля, “Фаўст. Сны” па матывах Гётэ, “Дэман” М.Лермантава і іншыя.

 

Яго спектакль “Пікавая дама” атрымаў каля 20 міжнародных узнагарод і нацыянальную тэатральную прэмію.

 

Паглядзіце відэаінтэрв’ю з рэжысёрам, зробленым у рамках праекта “Постаці”. У міні-фільме Алег Жугжда прызнаецца, што лялькі для яго не проста захапленне ці прафесія, а – жыццё, якім жыве не толькі сам рэжысёр, але і ўся яго сям’я.

Рэдакцыя “Твайго стылю” віншуе Алега Алегавіча і жадае яму невычарпальнага натхнення, здароўя ды аптымізму!