“Нёман” і “Тарпеда-БелАЗ” разышліся безгалявой нічыёй

|

Перад матчам каманды ў турнірнай табліцы былі на чатыры пазіцыі і цэлых дзесяць ачкоў адна ад адной. У нядзельным матчы “аўтазаводцам” патрэбныя былі ачкі для працягу барацьбы за “бронзу”, а вось гарадзенцам для таго, каб аддаліцца ад зоны вылету.

 

Як і чакалася, футбалісты прадэманстравалі нядрэнны футбол з вялікай колькасцю момантаў. Але больш магчымасцяў для ўзяцця варот мелі ўсё-такі гаспадары. У нядзельны вечар Курганскі так і не даў вызначыцца “Тарпеда”. Выніковы лік сустрэчы 0:0.

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў пасля нічыёй з “Тарпеда-БелАЗ” назваў вынік нядрэнным для сваёй каманды, а таксама выказаў здзіўленне з нагоды з’яўлення інфармацыі аб магчымым сыходзе з каманды Бебе Кінга.

 

– Нягледзячы на ​​лiк, мне гульня падалася цікавай і відовішчнай. “Тарпеда” – добрая каманда, якая мне падабаецца. Для нас усё склалася нядрэнна, але трэба дадаць агрэсіі ў атацы. У першым тайме гаспадары мелі тры яркія моманты, а пасля перапынку гульня была роўнай.

 

Калі казаць пра футбалістаў якія пайшлі, то Соро пакінуў каманду і гэта яго права. Але хацелася, каб гэта адбылося ў трансфернае акно. Бо мы на яго разлічвалі. Пра магчымы сыход Бебе ў мяне ніякай інфармацыі няма.

 

Пасля дзевятнаццаці тураў, “Нёман” займае 11 месца і мае у сваім актыве 18 ачкоў.

 

У панядзелак, 21 верасня, гарадзенцы правядуць хатні матч. Супернікам жоўта-зялёных у 21 туры будзе футбольны клуб “Мінск”.


Фота: афіцыйная суполка заўзятараў ФК “Нёман”