Прабег цвярозасці ў Гродне: Ці складзе хто-небудзь канкурэнцыю хлопцам з міліцыі?
Дзень цвярозасці, згодна з праваслаўным календаром, ужо прайшоў 11 верасня, але паколькі гэта быў працоўны дзень, ніякіх мерапрыемстваў не праводзілі. А вось у суботу, 19 верасня, праваслаўныя вернікі вырашылі правесці яшчэ адзін “прабег цвярозасці”. Яго прымеркавалі таксама да Дня горада.
Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы аддзела царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнага служэння Гарадзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Установы “Гарадзенскае дабрачыннае таварыства”.
Праграма мерапрыемства:
11.50-12.00 рэгістрацыя ўдзельнікаў
12.00-12.10 урачыстае адкрыццё мерапрыемства духавым аркестрам Гарадзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Прадстаўленне судзейскай калегіі
12.10-12.15 выступ дуэта чырлідарскай каманды “Маямі”
12.15-13.30 усеагульны старт спартыўных спаборніцтваў (бег, падцягванне на перакладзіне, падняцце гіры і г.д.)
13.30-13.40 выступленне членаў моладзевага руху StreetWorkOut
13.40-14.00 узнагароджанне ўдзельнікаў
Па выніках свята суддзі вызначаць пераможцаў (1, 2 і 3 месцы) у намінацыях: “Рывок гіры 24 кг знізу”, “Адцісканне”, “Адцісканне на брусах”, “Падцягванне на перакладзіне”, “Бег на дыстанцыю 4,300 м”. Прызы пераможцам: дыплом і каштоўныя падарункі. А для самых маленькіх прадугледжаны асобныя падарункі!
Першы “прабег цвярозасці” прайшоў у Гродне 1 студзеня 2015 года. Тады на старт выйшла каля шасцідзесяці гарадзенцаў. А ў другім, які прайшоў 1 траўня, прыняло ўдзел каля сарака чалавек. Тады першымі да фінішу дружнай групай прыбылі супрацоўнікі палка патрульна-паставой службы міліцыі. Цікава, цi хтосьці складзе ў чарговым забегу канкурэнцыю хлопцам з пагонамі?
Прабег пройдзе ў суботу, 19 верасня ў 12.00 на сцежцы здароўя гарадскога лесапарку “Пышкі”, каля аб’екта фірмы “АВС”.