“Масакра” ў палацы Чацвярцінскіх
У верасні кінастудыя “Беларусьфільм” распачне здымкі фільма “Масакра” ў пастаноўцы рэжысёра Андрэя Кудзіненка. Аб’ехаўшы ўсю краіну ў пошуках месца для здымак карціны, здымачная група спынілася на палацы князёў Чацвярцінскіх у мястэчку Жалудок Шчучынскага раёна.
Ідэя фільма “Масакра” сыходзіць з аповеду П. Мэрымэ “Локіс”, створанага па літоўскім паданні. Гэта гісторыя шляхціча, які на вяселлі пераўтвараецца ў мядзведзя. У 1970 годзе “Локіса” экранізаваў польскі рэжысёр Януш Маеўскі. Аўтары “Масакры” збіраюцца пайсці значна далей ад гісторыі, ламаючы стэрэатыпы аб беларускім кіно. Дзеянне стужкі адбываецца ў сярэдзіне 19 стагоддзя, пасля паўстання Кастуся Каліноўскага.
Андрэй Кудзіненка, рэжысёр і прадусар знакамітай “Акупацыя. Містэрыі”, жанр “Масакры” ахарактарызаваў як “бульбахоррор”. Пааабяцаў, што гледача чакае дынамічная інтрыга, водазварот містычных падзей і любоўны трохкутнік. У фільме будуць граць беларускія, польскія і магчыма расейскія акторы. Мастак стужкі – Артур Клінаў. У ролях значацца Святлана Зелянкоўская, Анатоль Кот. Сярод прэтэндэнтаў на ролі згадваюцца Сяргей Міхалок і Лявон Вольскі.
Здымкі пачнуцца ўвосень. На экраны стужку плануецца выпусціць у канцы наступнага году.
На здымку: палац Чацвярцінскіх. Паводле lh4.ggpht.com