У Гродне не знайшлося спонсараў, каб выратаваць “Камунальнік”

|

Зменіць “Камунальнік” у чэмпіянаце каманда Абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартовай школы алімпійскага рэзерву (АСДЮСШАР), дзе гуляе перспектыўная моладзь. Яны неаднаразова станавіліся пераможцам юнацкіх турніраў і чэмпіянатаў. У гэтым годзе каманда пачне ўдзел у слабой групе “B”.


Каманда – новая, трэнер – стары



Узначаліць маладую каманду былы трэнер “Камунальніка” Андрэй Абухоўскі.


– Як і абяцалі, каманда валейбольная ў Гродне будзе. Але, на жаль, вядомы “Камунальнік” не мае пакуль шанцаў на выратаванне. Замест яго будзе выступаць перспектыўная каманда хлопцаў ў асноўным 1995 года нараджэння. Іх задача – паказаць сябе на годным узроўні, – кажа Абухоўскі. – Што тычыцца гульцоў старой каманды, то практычна ўсе яны раз’ехаліся па розных клубах. Ёсць і такія, якія пайшлі працаваць па іншай прафесіі. З усімі рассталіся добра – сітуацыю зразумелі. 

 

Галоўны трэнер “новай” каманды адзначае, што ў Гродне ў валейбола ёсць будучыня. Страта “Камунальніка” можа з’яднаць гарадзенцаў.

 

– Былі шанцы выратаваць каманду, але проста позна адумаліся. Штодня мне звоняць з падтрымкай. Шчыра скажу, у Гродне вельмі шмат людзей, якія любяць валейбол. Апошнім часам практычна на кожнай пляцоўцы чэргі, усе хочуць пагуляць. Валейбол карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі, а гэта значыць ёсць будучыня. Калі ў Гродне ўсё стабілізуецца, то гульцы “Камунальніка” гатовыя вярнуцца ў родны горад.


Камунальнікі не падтрымалі “Камунальніка”

 

Начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык кажа, што “Камунальнік” спрабавалі выратаваць, але ў ЖКГ не знайшлося грошай на фінансаванне клуба.


– Наша кіраўніцтва прыклала максімум намаганняў, каб каманда ад Гродна засталася ў чэмпіянаце. І цяпер наша самая моцная моладзь будзе прадстаўляць горад у Вышэйшай Лізе, праўда, у групе ніжэй.

 

Праблемы ёсць і ў гандбалістаў

 

“Камунальнік” правёў свой першы матч ў 1992 годзе. Ужо праз чатыры гады гарадзенцы сталі чэмпіёнам Беларусі. За ўсю гісторыю клуба валейбалісты бралі золата пяць разоў і пяць разоў былі ўладальнікамі Кубка Беларусі. Варта адзначыць, што “Камунальнік” неаднаразова прадстаўляў Беларусь на міжнароднай арэне.

 

На дадзены момант заяўку ў чэмпіянаце Беларусі ў наймацнейшай групе “А” падалі толькі чатыры каманды. Лёс астатніх яшчэ вырашаецца.

 

Акрамя гарадзенскага валейбола цяжкі час перажывае і гандбол. Са слоў спецыялістаў, дзве гарадзенскія каманды ўдалося захаваць і заявіць ў чэмпіянат, хоць сітуацыя была яшчэ горш, чым у “Камунальніка”.