У першым хатнім матчы “Нёман” нанёс паражэнне “Гомелю”

|

Пасля Лігі Чэмпіёнаў цікавасць гледачоў да хакея ў Гродне трохі ўпала, але гэта не перашкодзіла хакеістам “Нёмана” прадэманстраваць добрую гульню і атрымаць першыя тры хатнія ачкі ў чэмпіянаце.

 

Перад першым матчам ужо традыцыйна выступілі прадстаўнікі ўлады і спорту гарадзенскага рэгіёну. У чарговы раз была адзначана лядовая пляцоўка і ўзровень беларускага хакею.

 

Каманды пачалі актыўна, але ў першым перыядзе шайбаў не закінулі. Затое паказалі сілавы і добры хакей, які падабаўся гледачам.

 

У другім гарадзенцы здолелі распячатаць вароты гасцей. Вызначыўся легіянер – Мілан Мікулік. Варта адзначыць, што ў варотах у “Гомеля” стаяў былы гулец гарадзенскай каманды Ігар Брыкун.

Праз 10 хвілін пасля першага ўзяцця, лідар “Нёмана” Вячаслаў Лісічкін падвойвае перавагу сваёй каманды.

У апошнiм перыядзе адзіную шайбу ў большасці атрымалася закінуць гасцям. Гарадзенцы хоць і прапусцілi, але ўсё-такі ўтрымалі перамогу. 

 

“Нёман” – “Гомель” – 2:1 (0:0, 2:0, 0:1)

Шайбы:

1: 0 – Мілан Мікулік (большасць) (Андрэй Коршунаў, Міхал Хован) 24:02
2: 0 – Вячаслаў Лісічкін (без перадач) 33:54
2: 1 – Мікалай Сусла (большасць) (Яўген Хузееў, Эдiйс Брахманіс) 52:52

Такім чынам “Нёман” атрымлівае чацвёртую перамогу запар. Наперадзе ў гарадзенцаў яшчэ тры хатніх матчы:

 

19 верасня “Нёман” – “Металург”
24 верасня “Нёман” – “Юнацтва”
26 верасня “Нёман” – “Брэст”