Саша, выходзь! Каля Новага замку выступіў “Сплін”
Яшчэ за паўгадзіны да пачатку канцэрта каля ўвахода пачалі збірацца гледачы. Традыцына, каб трапіць унутр трэба было прайсці міліцейскі кардон і тры рамкі- металашукальнікі. Торбы правяралі грунтоўна і доўга. Прыйшлося стаяць у чарзе. Тым часам у натоўпе амяркоўвалі пляцоўку, дзе будзе выступаць легендарны піцерскі рок-гурт.
– Гэта больш падобна на опэн-эйр нейкі, – ці то скардзілася, ці проста зазначала дзяўчына, якая стаяла побач. Але потым дадала, што надвор’е для канцэрта на адкрытым паветры вельмі пасуе. Тут пашанцавала – было вельмі цёпла, а на небе – ні хмаркі.
Сапраўды, канцэртная пляцоўка выглядала дастаткова дзіўна. Перад сцэнай – нейкі “загончык”, дзе стаяць крэслы. Танцпол – усё астатняе. Для выступа рок-гурта такое планаванне прасторы здзівіла гледачоў. Праўда, у апошнія 40 хвілін канцэрта, калі “Спліны” заспявалі свае старые і вядомы амаль кожнаму песні, гледачы паўскоквалі з крэслаў. І амаль што не знеслі агароджу, якая аддзяляла імправізаваную залу ад сцэны.
– Вось гэта сапраўдны канцэрт, – заўважыў нейкі маладзён і пабег да сяброў, якія ўжо скакалі пад хіты недзе ў натоўпе.
Лідару гурта Аляксандру Васільеву, дарэчы, пляцоўка спадабалася – ён некалькі разоў зазначыў вельмі цёплую атмасферу і маляўнічыя краявіды.
Усяго гурт сыграў 30 песен. Большая частка – з апошняга альбома. Новы рэпертуар не выклікаў у большасці прысутных асаблівага захаплення. Хіба што, у адданых фанаў, якія ведалі словы і спявалі разам з выканаўцамі.
Калі, адыграўшы песні з новага альбома, музыкі сышлі са сцэны, гледачы пачалі спачатку спяваць “Мое сердце остановилось”, а потым скандаваць: “Саша, выходзь!”. І Саша разам са сваімі музыкамі выйшаў і сапраўды запаліў.
Музыкі зайгралі свае вядомыя песні, а натоўп нібы ўзарваўся. Людзі паўскоквалі са сваіх месцаў, сталі танчыць і спяваць разам з лідарам гурта Сашам Васільевым. Ён толькі ўсміхаўся ды махаў гледачам рукамі, падбадзёрваючы прысутных.
Пасля канцэрта самыя адданыя фанаты дачакаліся саліста гурта. Ён з задавальненнем раздаваў аўтографы і пазіраваў для сэлфі.
Дарэчы, на тэрыторыі замка падчас канцэрта можна было выпіць піва – але толькі за столікамі – прадстаўнікі правапарадку разварочвалі ўсіх, хто рушыў у бок сцэны з алкагольнымі напоямі.