Гродна здалёк: Алена Жалязняк з Паўднёвай Афрыкі
Па суседстве з кітамі і кіцянятамі
Апошні раз Алена даўжэй за паўгоду была ў Гродне ажно ў 2001-м годзе, але наездамі бывае часцей – раз у год-два. Апошнія ж чатыры гады яна жыве ў Паўднёвай Афрыцы, недалёк ад Кейптаўна. “Гарадок завецца Херманус і знакаміты ён тым, што сюды штогод прыплываюць кіты, каб гадаваць сваіх нованароджаных кіцянят”, – расказвае дзяўчына. Дарэчы, маленькі кіт важыць “усяго” 2000 кг і выпівае ў дзень каля 600 літраў малака.
Да Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Алена з сям’ёй жыла ў Францыі, ЗША, Германіі і Нідэрландах. “Я нават пажыла крыху ў Кеніі падчас практыкі пасля магістратуры”, – узгадвае яна. Менавіта ў ПАР Алена трапіла, бо тут жыве свякроў. “Калі нарадзілася нашае птушаня, мы вырашылі ёй, ды і нам, даць мажлівасць быць падтрыманымі сям’ёй”.
Афрыка ад Афрыкі адрозніваецца вельмі моцна, кажа Алена. У Кеніі 42 плямёны і гэта зусім не падобна да ПАР, дзе 11 афіцыйных моваў і носьбіты кожнай належаць да розных культур. “Таму я не магу сказаць, што жыву ў Афрыцы ці ведаю яе. Я жыву ў Заходняй Кейпскай правінцыі, дзе толькі чатыры афіцыйныя мовы і этнічныя групы”.
Шмат дзяцей ніколі не былі ў Кейптаўне, хаця гэта ў дзвюх гадзінах адсюль
Зараз Алена займаецца выхаваннем 4,5-гадовай дачкі і, як кажа, акрамя новай культуры яшчэ вучыцца працы маці. А яшчэ ахвяруе свой час на дабрачыннасць. Гэтак з групай мясцовых жанчын яна хадзілі ў паход на 100 км, каб сабраць ахвяраванні на пакупку аўтобуса для мясцовай школы з беднага раёну. “Шмат дзетак ніколі не былі ў музеі ці ў Кейптаўне, а гэта ўсяго дзве гадзіны адсюль. Зараз у іх з’явілася мажлівасць, – кажа Алена. – Таксама дапамагаю ў арганізацыі, што распаўсюджвае веды пра ахову асяроддзя”.
Для сябе жанчына прымае ўдзел у паседжаннях арганізацыі Toastmasters. Гэта міжнародны клуб, дзе метадычна настаўляюць, як гаварыць прамовы ці як браць ініцыятыву. Раз на месяц Алена робіць прамову на 5-7 хвілінаў, кіруючыся дапаможнікам. На паседжанні ёй дапамагаюць, кажуць дзе добра, а дзе можна сказаць лепш.
Гродна: Пярэселка, дзеці ў фантане, шпацыры ў цэнтр і зніклыя дрэвы
“Усё дзяцінства я правяла ў Гродне, мае бацькі пераехалі сюды, калі мне было тры гады, – узгадвае Алена. – Гульні “на стадыёне”, шпацыры і святы ў Пышках, падвячоркі пад Каложай, бадзянне па Савецкай, бясконцы пагорак, што вядзе з медыцынскага ўніверу да кінатэатру Космас, бо няма талону на праезд. Ледзяная горка пад будынкам і неверагодная колькасць дзетак, што слізгаюцца ва ўсе бакі. Дом моладзі. Пярэсялка, дзе, дзіва-дзіўнае, людзі маюць свае гароды і сады ў горадзе. Фантан у парку ў цэнтры, дзе ў спякотны дзень дзеткі ў майтках прымушалі матуль спыніцца на хвіліну і паназіраць ды паўдзельнічаць у водных гульнях. Заапарк і вялікі слон. Чыгуначны вакзал, які заўсёды здаваўся чароўным, бо адтуль знікалі ва ўсе бакі цягнікі”.
Па Гродне яна сумавала вельмі доўга, пакуль не прызвычаілася жыць у тым месцы, дзе знаходзіцца зараз, у дадзены момант. “Калі, як я, не жыць у адным месцы доўга, то патроху прызвычайваешся не трымацца за ўспаміны, бо гэта балюча. Замест гэтага выпрацоўваеш метады дапасавання да новага месца”, – тлумачыць Алена.
“Доўга не хапала гарадзенскай кампактнасці, калі хоць гэта і вялікі горад, але ўсе і ўсё побач. Не хапала гарадзенскай таямніцы, што хавалася ў старых будынках і магутных дрэвах. І, канешне, не хапала таго, што сустрэць знаёмыя твары зусім не цяжка, вышаўшы нават на маленькі шпацыр “у цэнтар”.
Алене вельмі падабаюцца панарамныя віды ў горадзе: узбярэжжа Нёману ля Каложы і Старога замку, тэатр, стадыён з высокіх паверхаў вуліцы Болдзіна, касцёл, калі глядзець на яго з пагорку каля стадыёну, Каложа і Пышкі.
Алене цяжка казаць пра змены ў абліччы горада, бо яна ў ім больш не жыве: “З пункту гледжання ўспамінаў, вельмі шкада дрэваў. Іх было так шмат, і яны рабілі горад таямнічым і старадаўнім. Зараз, калі гасцюю, то бачу больш навастроі і прагрэс, гісторыі не адчуваецца, хоць яе і хапае. Але і бачу прыгажосць пераменаў, бо без дрэваў перспектывы гораду зусім іншыя”.
Некалі ты быў часткай гораду, сёння – проста назіральнік
Доўга, год пяць на чужыне, Алена рабіла ўсё, каб вярнуцца назад. Пасля пачала вяртацца толькі да бацькоў і сяброў, і да ўспамінаў, але ведаючы, што яе жыццё ўжо не ў Гродне. “Гэта адчуваецца з гадамі – некалі ты была часцінай горада, а зараз – толькі назіральніца. Да таго ж муж і дзіця – не беларусы, а навучыцца любіць Гародню можна толькі ў Гародні ды ў словах Караткевіча з “Хрыста”. Таму я буду працягваць назіраць збоку. І радавацца пераменам”, – кажа Алена.
Гарадзенцам, ужо як назіральніца, яна можа толькі пажадаць насалоджвацца і любіць свой горад. І за спадчыну, і за штодзённасць. Бо горад за гэта аддзячыць.
Чытайце таксама што думаюць і ўзгадваюць пра Гродна гарадзенкі Таццяна Оніл, якая жыве зараз у ЗША, Рэгіна Станкутэ, якая жыве ў Францыі, і Наталля Макушына з Германіі.