“Футбольны марафон” зблізіў гарадзенцаў

|

З самага ранку да вечара на штучным полі ЦСК “Нёман” праходзілі футбольныя матчы. Першымі на поле выйшлі самыя маленькія. Дзясяткі дзіцячых каманд з рознымі назвамі прыцягнулі велізарную колькасць гледачоў.

 

Пасля хлопцаў, на поле выйшлі і дзяўчыны. Барацьба ў жаночым футболе праходзіла яшчэ сур’ёзней, чым у мужчынскім.

Бліжэй да абеду выйшлі на поле больш сур’ёзныя каманды. Напружанне не сціхала ў матчы трэнераў ФК “Нёмана” і былых гульцоў гарадзенскай каманды. Дублёры тым часам дэманстравалі невялікі майстар-клас для малодшых футбалістаў.

Бліжэй да 15.00 на пляцоўку выйшлі футбалісты асноўнага складу “Нёмана”. Разам з імі прайшло і адкрыццё “футбольнага марафону”, дзе прайшло ўзнагароджанне ветэранаў гарадзенскага футболу.

 

Прадстаўнікі ўлады i спорту ў гарадзенскім рэгіёне павіншавалі ўсіх з Днём горада і абвясцілі аб адкрыцці спартыўнага фестывалю. Таксама футбалістаў і гледачоў азнаёмілі з кароткай гісторыяй гарадзенскага футбола.

Ветэран гарадзенскага футбола Уладзімір Чарноцкi распавёў, што цяперашнія футбалісты занадта зазналicя:

 

– Мы ў свой час гулялі ў брудзе. Біліся за ідэю і за горад. Зараз жа футбалісты гуляць не ўмеюць, а грошай патрабуюць. Так рабіць нельга. Столькі маладых і таленавітых хлопцаў з’язджаюць гуляць у іншыя гарады, такога дапускаць нельга. Маё меркаванне, трэба разлічваць толькі на сваіх футбалістаў. Тады будзе і вынік, бо Гродна заўсёды славіўся таленавітымі футбалістамі.

Спартыўны фестываль скончыўся гульнямі аматарскіх каманд горада Гродна.


Віктар Данiльчык, прадстаўнік “Карпарацыi спорту” адзначыў, што гарадзенцы з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у футбольным марафоне.


– Мы дамагліся таго выніку, які хацелі паказаць. Чарговы раз даказваем, што ў Гродне вялікая колькасць людзей, якая любiць футбол. Спадзяемся, што дадзены вынік не застанецца не заўважаным. Таксама асноўнай мэтай з’яўлялася зблізіць гарадзенцаў з ФК “Нёманам”, спадзяюся і гэта ў нас атрымалася.

Дарэчы, бліжэйшы свой матч гарадзенскі “Нёман” правядзе ў панядзелак, 21 верасня. Падапечныя Сяргея Саладоўнікава ў Гродне будуць прымаць ФК “Мінск”.