У дзень горада дзеці пабудавалі кардонны Гродна
Арганізавалі імпрэзу актывы суполкі “ВелоГродно” і мінскай установы “Центр экологических решений”.
Хаця акцыя была аб’вешчана хутчэй як дзіцячая, у будаўнікі бралі ўсіх – ад малога да старога. І калі каму яшчэ не пашчасціла абзавесціся ўласным дзіцёнкам, гэта не стала перашкодаю для актыўнай мастацкай дзейнасці.
– Як бачыце, тут даволі шмат дарослых – мы прышлі сюды памаляваць, і – парадаваць тое “унутранае дзіця”, што заўжды жыве ў душы ў кожнага дарослага, незалежна ад узросту, – кажа валанцёрка Варвара.
Насамрэч, дарослыя заўзята дапамагалі дзецям размалёўваць кардонны Гродна, і ў гэты час мала ад іх адрозніваліся.
Тата чатырохгадовага Стасіка, што разам з ім фарбаваў сцяны аднаго з кардонных палацаў, адзначыў, што выбралі гэтую канстукцыю імпульсіўна:
– Што пабачылі першым, тое і малюем.
І дадаў, што Стасік, хоць і цалкам добра спраўляецца з малярскай працаю, першы раз трымае ў руках такі інструмент:
– Хіба толькі пад час рамонту ўдома мог такое бачыць.
Наташа і Дзіяна размалёўвалі замак – на пытанне, хто мог бы ў ім жыць, адказалі, што, напэўна, казачныя героі:
– Добра было б завітаць сюды ў госці да Чырвонай шапачкі ці да Бураціны.
Побач Максім і Наста размалёўвалі дрэвы для будучага парка. Наста прызналася, што ўвогуле любіць расліны, таму і прыйшла іх “вырасціць” для горада мары.
– Хацела б, каб на гэтым дрэве вырас… ровар, – кажа Наста, – пра яго марыць мая сястрычка. Ці мяккія цацкі, бо іх усе любяць.
Максім зазначыў, што дрэвы ў горадзе, нават кардонным, вельмі важныя, і яшчэ падзяліўся досведам стварэння прыгожага зялёнага колеру:
– Такой фарбы не было, я сам змешваў жоўтую з сіняй, каб такое адценне атрымаць.
Ён сказаў, што хацеў бы, каб на яго дрэве ў чароўным горадзе выраслі цукеркі.
Для самых малодшых фарбы ўсіх адценняў вясёлкі змешвала Даша.
Яна расказала, што ў чароўным горадзе выкарыстоўваюцца толькі экалагічныя водараспушчальныя фарбы – акрыл, што звычайна прымяняюцца для інтэр’ерных будаўнічых работ:
– Яны яркія, прыгожыя, нікому не зашкозяць, і лёгка змываюцца! У мяне толькі чатыры асноўныя колеры – чырвоны, жоўты, сіні і чорны – з іх мы стварылі і зялёны, і ружовы, і блакітны і цёмна-сіні…
Хутка горад заззяў усімі адценнямі свята, якое, са слоў арганізатаркі акцыі, кіраўнічкі дзіцячай экастудыі Рымы Ушкевіч, яны і хацелі падараваць гарадзенцам, расфарбаваўшы кардонны горад.
– Можна сказаць, што гэта акцыя – афіцыйны пачатак працы студыі. Далей на занятках, як і сёння, мы будзем працаваць з падручнымі матэр’яламі – экалагічнымі, таннымі і даступнымі, з якіх шмат што можна зрабіць.
Рыма зазначыла, што стыхійная творчая самаарганізацыя “будаўнікоў” і іх бацькоў яе шчыра цешыць і дадала, што акрамя забаўляльнага боку акцыі ёсць і вельмі сур’ёзная мэта:
– Мы хочам прыцягнуць увагу дзетак да сучасных экалагічных праблемаў. Бо менавіта дзеткі, калі іх навучыць паводзіць сябе экалагічна, могуць паўплываць і на паводзіны бацькоў. У дзяцей свая, вельмі своеасаблівая моцная логіка: калі ім падабаецца “гульня”, то яны ўцягваюць у яе і дарослых. І – што вельмі важна – шчыра трымаюцца правіл любімай забавы. Можна гуляючы навучыць іх сартаваць смецце, правільна выбіраць прадукты ў краме, адрозніваць шкодныя рэчывы і звычкі ад карысных. То бок – ненавязліва прывіць ім добрыя і экалагічна прыязыя звычкі.
Калі ж горад паўстаў, то наведаць яго адразу ж прыехалі “турысты” – Ася і Кася, у якіх пад час свята ператварыліся акторкі тэатра лялек.
Казачныя турысты паводзілі сябе зусім як звычайныя: прасілі “мясцовых” паказаць ім горад, распытвалі, дзе знаходзіцца самы высокі будынак, самы прыгожы палац ці парк і, вядома, рабілі здымкі на фоне адметнасцяў мясцовай архітэктуры.
Высветліўшы, што у горадзе няма месца, дзе можна было б набыць моднае адзенне, яны прапанавалі жыхарам кардоннага Гродна самім стварыць строі “ад куцюр” проста са старых газет. Імгненна аб’ядналі ахвотных у пары мадэль-дызайнер і распачалі працу па стварэнні адмысловых убораў.
А праз пару хвілін горад ужо стаў сталіцаю сусветнай моды, дзе праходзіла дэфіле ў папяровых строях і фатографы навыперадкі здымалі новых зорак подыума.
0 align=”” alt=” ” sub=” ” width=”725″ height=”484″ >
2 align=”” alt=” ” sub=” ” width=”725″ height=”484″ >
1 align=”” alt=” ” sub=” ” width=”725″ height=”484″ >
Пасля свята заўсёды застаюцца горы смецця – што з ім рабіць? Адказ на гэта пытанне таксама знайшлі гуляючы – каляровыя пакеты для розных відаў смецця, спаборніцтва – хто хутчэй – і праз пару хвілін адходы ўжо рассартаваныя, а ўдзельнікі задаволеныя.
У кардонным Гродне лёгка вырашылі і праблему транспарту – стварылі адмысловыя “маршруткі”, дзе можна ездзіць разам, каб менш забруджваць паветра.
Карацей – на ўсе выклікі знайшліся адмысловыя адказы.