Жаночы футбол у Гродне: былы трэнер і гульцы “Ніва-Белкард” ствараюць новую каманду
“Як гуляць, калі няма дзе жыць”
Канфлікты ў клубе паміж галоўным трэнерам Дзянісам Леўчанкам і дырэктарам каманды Сяргеем Карозам адбываліся ўжо даўно. Фінансавыя цяжкасці і запазычанасці сталі прычынай таго, што кіраўніцтва каманды адмовілася ад чатырох гульцоў асноўнага складу. Замест іх прыйшлі новыя, але доўга ў Гродне яны не затрымаліся.
– Як гуляць прыезджым дзяўчатам, калі ім няма дзе жыць? Фінансавае пытанне стала перад намі вельмі сур’ёзна. На момант скасавання кантракта ў нас было толькі 13 дзяўчат. Мы гулялі і біліся да апошняга. Бацькі гульцоў гатовыя былі даваць грошы ў каманду. Але кіраўніцтва “Нівы” палічыла мяне вінаватым у няўдачах і вырашыла са мной развітацца, – распавядае Дзяніс Леўчанка.
“Для нас каманда – гэта наш трэнер”
Разам з трэнерам каманду пакінула і дзевяць гульцоў асноўнага складу. Для іх трэнер – як другі бацька. Зараз футбалісткі, якія раней выступалі ў “Ніве”, вымушаны шукаць сабе новую працу, але па вечарах далей прыходзяць трэніравацца.
– Сітуацыя непрыемная, але магу сказаць адно – трэнер у нас вельмі добры. Для нас цяпер галоўнае працягнуць гуляць і развівацца ў правільным кірунку. Мы лічым, што Дзяніса Міхайлавіча звольнілі з-за таго, што ён нібыта камусьці перашкаджаў ў клубе, – распавяла былая футбалістка “Нівы”.
У каманду яна і яе калегі пакуль не збіраюцца вяртацца. “Для нас каманда гэта наш трэнер. У будучыні, думаю, мы створым добрую каманду і дасягнем сур’ёзных вынікаў”, – кажа дзяўчына.
Сапраўды, у маладога трэнера ў планах стварыць у Гродне добрую прафесійную каманду. Таму пакуль што дзяўчыны не спяшаюцца пакідаць родны горад, хоць ім і штодня прыходзяць прапановы ад іншых клубаў. Разглядаць іх футбалісткі будуць, калі з новай камандай у Гродне нічога не атрымаецца.
“Жыццё не заканчваецца, дзякуй яму за ўрок”
Каб падтрымліваць форму cваiх дзяўчат, Дзяніс Леўчанка праводзіць трэніроўкі ў старэйшых шэсць разоў на тыдзень, у малодшых – пяць разоў. Дзяўчыны сышлі з “Белкарда” разам з трэнерам.
Былы трэнер “Нівы” ўладкаваўся на добраахвотных пачатках у Маладзёвы цэнтр.
– Не хачу нікога крыўдзіць, але я ўжо не ў камандзе і далейшае разбіральніцтва лічу непатрэбным. Тыя, хто хацеў, каб я пакінуў каманду, дамагліся свайго. Зараз я хачу спакойна працаваць. Працягваю трэніраваць гульцоў, што былі ў асноўным складзе “Нiвы-Белкард”. Набіраю і трэнірую дзяцей на грамадскіх пачатках. Раблю тое, што ўмею. На гэтым жыццё не заканчваецца. Дзякуй яму за такі добры ўрок.
Новы трэнер – Віталь Надзіеўскі
Дырэктар клуба Сяргей Кароза дзякуе былому трэнеру за праведзеную працу і прапануе яму “заставацца мужыком”.
– У футболе бывае ўсякае: і звальненне, і параза. Гэта працоўны момант. Я лічу, што каманда прыйшла ў тупік і ёй патрэбна былi перамены і ўзварушэнне. Параіўшыся, мы вырашылі развітацца з галоўным трэнерам. За працу яму вялікі дзякуй. Зараз каманду ўзначальвае Віталь Надзіеўскі, у мінулым вядомы гарадзенскі футбаліст. З ім у нас вялікія планы. Магу запэўніць, што каманда ў Гродне будзе і мы зробім усё магчымае, каб жаночы футбол у горадзе развіваўся.
У цяперашнім складзе “Нівы-Белкард” трэніруецца 17 чалавек, з іх чатыры прафесіяналы, усе астатнія – аматары. Як складзецца лёс астатніх дзяўчат, якія літаральна месяц таму выступалі за Гродна, пакуль невядома.