Вольга з Польшчы запрашае на развітальную вечарыну

|

„Wszystko, co dobre, szybko się kończy” („Усё добрае хутка заканчваецца”) – кажа польская прыказка. Вольга прыехала ў Гродна ў кастрычніку мінулага году, каб працаваць у “Трэцім Сэктары” ў рамках праграмы Еўрапейская Валанцёрская Служба. “Я не магу паверыць, што гэта ўжо канец майго праекта! Гэта быў самы яркі, інтэнсіўны, развіваючы і самы душэўны год. Проста цудоўны, – кажа Вольга, – таму я бы хацела падзяліцца з вамі сваім досведам і  яшчэ раз узгадаць тое, што мне ўдалася ажыццявіць у Гродне. Я распавяду не толькі пра працу ў “Трэцім Сэктары”. Я таксама пакажу вам свой погляд на свет, які я пабачыла навокал”.

 

У рамках свайго праекта Вольга працавала ва “Універсітэце Залатога Веку”, дзе дапамагала весці заняткі польскай мовы, арганізавала клуб польскай мовы і клуб “Гарадзенскія ўспаміны”. Садзейнічала таксама вывучэнню моваў – па яе ініцыятыве ў Гродне з’явіліся сустрэчы Tandem Evenings, Вольга таксама праводзіла бясплатныя курсы польскай для моладзі. Адным з першых публічных выступаў Вольгі была яе прамова на TEDxYouth@Hrodna. Цягам году яна пісала таксама артыкулы і рэпартажы на “Твой стыль”.

 

На прэзентацыі можна будзе прагледзець выставу фатаздымкаў Вольгі, пазнаёміцца з яе актыўнасцямі ў арганізацыі – пагуляць у моўныя гульні ў стылі Tandem Evenings, пачытаць сабраныя Вольгай успаміны яе студэнтаў пра Гродна, размясціць на мапе горада свой уласны ўспамін, а таксама паглядзець відэа з выступлення Вольгі на TEDxYouth@Hrodna (Увага! Там пра коцікаў). Таксама вас будуць чакаць сюрпрызы, віктарыны і дабрачынны аўкцыён.

 

Прэзентацыя адбудзецца ў пятніцу, 25 верасня, у 18.30 па адрасе вул. Будзёнага, 48а-63 (ГА “Цэнтр «Трэці Сэктар»)