Забытыя мясціны Гродна: вуліца Кляшторная, якую “дабіў” Дом быту
Бліжэй Замкавай на вуліцы знаходзіліся камяніцы, збудаваныя найпазней у пачатку XVIII ст. Іх зруйнавалі толькі ў канцы 1960-х гг., каб адкрыць від на цуд савецкай архітэктуры – Дом Быта. Каля жаночага кляштару Раства Багародзіцы на вуліцы стаялі згубленыя сярод зеляніны сядзібы мясцовай шляхты – між іншым тут нарадзіўся Юліюш Румель, генерал, які восенню 1939 году кіраваў абаронай Варшавы ад фашыстаў. А далей пачынаўся роў, які аддзяляў Кляшторную ад Новага Замка і вёў да Нёмана. Пройдземся па гэтай вузенькай брукаванай вулачцы.
У часы Напалеона Орды Кляшторная была забудавана дамкамі-сядзібамі, якія захаваліся да пачатку ХХ ст., змяшаўшыся з карпусамі тытунёвай фабрыкі ды мураванымі жылымі камяніцамі.
align=”” alt=”Гродна на старых фота вуліца Кляшторная старые фотографии Гродно” width=”718″ height=”629″ >
Кляшторная вуліца ў 1915 годзе – ад скрыжавання з Замкавай да рова, які вёў на Падол да старой пераправы праз Нёман. Справа масіў сучаснай пальчаткавай фабрыкі. На фота лёгка зарыентавацца па дамах на Замкавай, якія стаяць і сёння.
1916 год. На пярэднім плане Маставая вуліца, на другім плане Кляшторная.
Цікавы малюнак тытунёфай фабрыкі Шарашэўскага 1906 года. Пярэдні фасад нам добра вядомы і сёння – ён выходзіць на Савецкую плошчы. А вось задняя частка не захавалася. Гэта і ёсць забудова Кляшторнай вуліцы.
Вузенькая вулачка, што пачынаецца паміж трохпавярховым будынкам у цэнтры і аднапавярховым домікам – гэта і ёсць Кляшторная. За будынкамі кляштар Раства Багародзіцы ад якога вуліца і атрымала сваю назву.
Вуліца Замкавая ў 1941 г. Справа за трохпавярховым будынкам паварот на Кляшторную.
Ці не адзіны ацалелы здымак, зроблены з самой вуліцы Кляшторнай. Амаль уся забудова ўжо знішчана, але адкрываецца перспектыва на Фару Вітаўта. Дарэчы, выходзячы на Замкавую, Кляшторная заканчвалася прыгожай брамкай паміж дамамі №3 і №5. Гэтая брамка захавалася дасюль.
Такая панарама на цэнтар горада была ў 1944 годзе. Злева бачныя некалькі домікаў Кляшторнай вуліцы. Прама – адноўленыя пасля вайны дамы №3 і №5 па Замкавай вуліцы. Справа – Фара Вітаўта.
У 1968 годзе за Палацам тэкстыльшчыкаў яшчэ заставалася некалькі дамкоў былой Кляшторнай, пераіменаванай тады ўладамі ў Фабрычную, але ўжо быў падрыхтаваны катлаван Дома быту.
Чорным колерам паказаныя дамы, якія існуюць сёння. Як бачым, ад былой Кляшторнай засталася толькі частка карпусоў пальчаткавай фабрыкі. Вуліцу перакрывае вугал Дома быта – ці не самага пачварнага будынка ў гістарычным цэнтры, знесці які проста неабходна і для адбудовы вуліцы Кляшторнай і для ўпрыгожання вуліцы Замкавай.