Беларускі кантрабандыст, хаваючыся ад літоўскіх памежнікаў, гадзіну сядзеў у сажалцы

|

Памежнікі ноччу з 18 на 19 верасня заўважылі каля вёскі Урэляй, што ў кіламетры ад мяжы з Ашмянскім раёнам, двух чалавек з нейкім багажом. Калі службоўцы паспрабавалі іх затрымаць, мужчыны кінулі свае рэчы і пачалі ўцякаць. Іх не спынілі нават шэсць папераджальных стрэлаў у паветра.

 

Адзін з кантрабандыстаў змог уцячы ў Беларусь, іншы знік з поля зроку памежнікаў. Яго шукалі супрацоўнікі дзвюх заставаў і кінолагі з сабакамі.

 

Прыкладна праз гадзіну яго знайшлі ў сажалцы каля вёскі. У халоднай вадзе ён правёў каля гадзіны, для яго прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу. Затрыманы аказаўся 44-гадовым грамадзянінам Беларусі. У панядзелак 21 верасня суд Вільнюскага раёна дазволіў затрымаць яго на месяц.

 

У пакінутых кантрабандыстамі чатырох скрутках выяўлена 3000 пачкаў цыгарэт Fest, Fest 7 і Minsk Capital.