Пікеты ў Гродне: прыхільнікі Гайдукевіча з цыгарэтамі, Лукашэнкі – з вышыванымі стужкамі

|

Яшчэ ўдзень з калонак гучалі песні маладых выканаўцаў пра “выбар” ды БРСМ. Бліжэй пятай гадзіны на пляцоўку падцягнулася спачатку здымачная група СТВ, а ў хуткім часе і хлопцы з дзяўчатамі з партрэтам дзейснага прэзідэнта. Яшчэ праз хвілін дзесяць з’явіліся мужчыны ў пінжаках з партрэтам Гайдукевіча і бумбоксам, які так і прастаяў у халастую ўсю наступную гадзіну.

 

 

Пікет у падтрымку Гайдукевіча выглядаў, безумоўна, больш жывым ды прывабным: людзі ў пінжаках падыходзілі да мінакоў, усміхаліся, раздавалі календарыкі ды праграмкі свайго лідара. БРСМ-аўцы гэтым часам ціха хіхікалі сабе ў баку, час почас выходзячы на брук Савецкай і адразу вяртаючыся назад. Поруч туды-сюды праходзілі вулічныя музыкі з працягнутай шапкай для збору грошаў, што, безумоўна, дадавала відовішчу каларыту.

Пікеты праходзілі цалкам бесканфліктна, таму найбольш значнай падзеяй сталася падзенне партрэта нязменнага беларускага лідара. На гэта адразу зрэагавалі ўсе журналісты з фотаапаратамі – не стрымаўся нават аператар СТВ. Цікава, што БРСМ ужо другі раз падчас агітацыі ў Гродне выкарыстоўвае вышы-стужкі, якія раней асацыяваліся выключна з мінскай “Арт-сядзібай”.

На наступным тыдні свой пікет абяцаюць паказаць і прыхільнікі Таццяны Караткевіч. Ці будуць у Гродне пікеты Мікалая Улаховіча – пакуль таямніца. Зрэшты, зборшчыкаў подпісаў за атамана ў публічных месцах таксама ніхто не бачыў.

 


 

Фота і відэа Вольгі Мілавай